?

Log in

2016-ты

Ужо каторы год хада часу заўважаецца па тым, як пішацца чарговая гадавая справаздача. Пачынаеш згадваць, што за мінулыя 12 месяцаў адбылося, і дзівішся, як гэта ўсё змясцілася ў адзін толькі год.


2016-ты быў традыцыйна поўны працы, але багата было “працы на будучыню”, вынікі якой будуць бачныя пазней. Асабліва гэта датычыць кніг.Read more...Collapse )
    Год пачаўся з інтэнсіўнай працы над чарговым мультымедыйным дыскам для “Запісаў БІНіМ”. Уласна дзеля гэтага (найбольш) нумар альманаха не выйшаў у мінулым годзе. І мушу прызнацца, што дыск з базай звестак “Віртуальны нэкропаль: беларускія могілкі ў сьвеце”, а таксама напісаны на яго падставе вялікі аналітычны артыкул “Могілкі як частка мэмарыяльнай культуры эміграцыі” — прадметы майго асаблівага гонару. Зрэшты, як і увесь 38-мы нумар “Запісаў БІНіМ” (12-ты пад маёй рэдакцыяй). Рэдагаванне і выданне гэтага альманаху — заўсёды цікавая, хоць і напружаная праца. Можа і няшмат у “Запісаў” чытачоў, затое ёсць адчуванне важнасці таго, што мы робім, і разуменне, што наўрадці гэта было б зроблена без нас.



    Яшчэ адной важнай кнігай сталі ўкладзеныя разам з Лявонам Юрэвічам “Кантакты: Сіла прыцягнення Бацькаўшчыны (да 90-годдзя Янкі Запрудніка)”. Кніга, цікавая з некалькіх гледзішчаў: бо нарэшце дазволіла раскрыць тэму праваабарончай дзейнасці эміграцыі, пра якую раней амаль не пісалася і не казалася, а таксама таму, што дала магчымасць паказаць “другі бок” праблемы эміграцыі — погляд на яе з боку метраполіі. Гэта тое, што даўно цікавіла і да чаго яшчэ спадзяюся некалі вярнуцца.

    Акрамя таго, кніга “Кантакты” стала падставаю для прыезду ў Беларусь 90-гадовага Янкі Запрудніка з жонкай Надзеяй. Наладжаная намі прэзентацыя з іх удзелам стала для мяне найбольш гучнай публічнай падзеяй году, да якой я мела дачыненне. http://budzma.by/budzma/u-minsku-prayshla-sustrecha-z-yankam-zaprudnikam-fota.html

    З выкарыстаннем матэрыялаў “Кантактаў”, дапрацаваных і дапоўненых іншымі архіўнымі дакументамі, сёлета выйшла яшчэ адна кніга з маім удзелам — “Міхась Кукабака”. Праўда, на прэзентацыі пабыць у мяне не атрымалася, але выданню гэтай кнігі я вельмі радая. У пэўным сэнсе яна дазволіла мне як бы “завяршыць гештальт”, звязаны з эміграцыйным праваабаронствам. Наўрадці я яшчэ буду звяртацца да гэтае тэмы.



    Апошняе невялікае выданне гэтага году (пабачыла свет перад Калядамі) — зборнік прац мінулагодняга конкурсу навуковых прац, прысвечаных беларускаму замежжу, да 25-годдзя ЗБС “Бацькаўшчына”. І праца ў журы конкурсу, разам з Вітаўтам Кіпелем, Янкам Запруднікам, Лявонам Юрэвічам і Валерам Герасімавым, была цікаваю, і тэксты парадавалі, і зборнік, здаецца, атрымаўся неблагі.


    Нягледзячы на тое, што і выдадзенага ў гэтым годзе зусім нямала, але яшчэ больш часу занялі “будучыя кнігі”. Найперш гэта перавыданне “Беларусаў у ЗША” Вітаўта Кіпеля, дапрацаванае аўтарам, якое мы плануем выдаць да ягонага 90-годдзя. Шмат працы было ўкладзена і ў падрыхтоўку да друку іншых кніг. Спадзяюся, яны пабачаць свет цягам 2017 году.
    Паездкі
    У гэтым годзе ўдалося ажыццявіць даўнюю мару — паехаць у ЗША. Прычым надзвычайна тое, што ў гэтай краіне цягам году я змагла пабываць нават двойчы (у красавіку і снежні). Гэта былі дзве вельмі насычаныя падзеямі і ўражаннямі паездкі,

    калі я літаральна закахалася ў Нью-Ёрк,


    калі блізка пазнаёмілася з сем’ямі Запруднікаў, Кіпеляў, Юрэвічаў,


    калі ажыццявіла планы адведаць беларускія могілкі ў Саўт-Рыверы, Іст-Брансвіку і Кліўлендзе,

    калі зведала Вашынгтон,



    калі змагла нарэшце пабачыць сям’ю брата ў Каліфорніі і пагуляць па Сан-Францыска, Стэнфарду..

    Амерыканскія паездкі былі плённымі і ў архіўным плане, і ў рэчышчы знаёмства з жыццём эмігрантаў “знутры”. Плён гэтых паездак, мяркую, будзе яшчэ бачны ў будучыні.


    А яшчэ сёлета былі розныя і неверагодныя:

    Будапешт,

    Вена



    і маленькія гарадкі Верхняй Аўстрыі (Bad Ausee, Bad Ischl, Bad Goisern, Obertraun, Hallstatt).
    Незабыўнае падарожжа!

    Быў і традыцыйны Кангрэс у Коўна з секцыяй па беларускім замежжы, якой займалася трэці год і якая таксама парадавала новымі тэмамі і ўдзельнікамі.


    Іншае
    Год быў багаты на канферэнцыі (цягам году іх было восем), вельмі не падобныя адна на другую і па-рознаму цікавыя. Пераважна скарыстоўвала іх, каб агучыць нейкія новыя тэмы, паказаць новыя дакументы. Таму і публікацый арыгінальных дакладаў, артыкулаў, матэрыялаў у гэтым годзе таксама багата (болей за дзясятак).

    Мела першы вопыт самастойнай арганізацыі стацыянарнай выставы ў архіве. Яна была прысвечана 90-годдзю Янкі Запрудніка. Ці не першая за многія гады выстава, прысвечаная дзеячу беларускай эміграцыі на Захадзе.

    Таксама ў гэтым годзе ўпершыню чытала “архіўныя” лекцыі для слухачоў Беларускага Калегіюма. Цікавы вопыт.

    Увосені распачалі новы сезон прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў. Зноў ладзілі сустрэчу з шведскай пісьменніцай нон фікшн. Праўда, на больш актыўную працу ў гэтай галіне сілаў не хапіла.

    Нарэшце знайшла ў сабе сілы адмовіцца ад выкладчыцкай працы ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва. Перамагла інэрцыю, не спыніў нават матэрыяльны бок. Стала больш вольнаю для іншых спраў.

    У гэтым годзе вельмі радаваў сын, які паступіў у гімназію і цяпер з цікавасцю ды паспяхова там вучыцца.


    Упершыню, дзякуючы бацькам, што пераехалі на іншую кватэру, нарэшце пачулася гаспадыняй у хаце і стала атрымоўваць задавальненне ад хатніх спраў.

    Нечаканым і найвялікшым ударам гэтага году стала смерць Змітра Саўкі. З ёй дасёння складана змірыцца, і яна яскрава давяла, як хутка жыццё можа скончыцца, нягледзячы на ўсе нашыя “вялікія планы”.

    Год быў, як і іншыя, разнастайным: часам напружаным, часам натхняльным і захапляльным, поўным працы, людзей і ўражанняў, а таксама новых ідэй. Калі наступны будзе хаця б гэткім жа, буду задаволеная.

    Я ўдзячная ўсім, хто быў побач са мною сёлета. Галоўнае, чаму я навучылася за гэты год, уменне радавацца простым рэчам навокал і цаніць тое, што маю. Хочацца, каб гэта ўсё засталося са мною і ў наступным, і жадаю ўсім таго ж самага.


    • З Калядамі і Новым годам!

    Tags:

    Мой 2015-ты

    Як пісаць сёлетнюю гадавую справаздачу, што традыцыйна раблю пры канцы снежня, я задумалася тады, як склала звычайную навуковую справаздачу на працы. Галоўная праблема бачылася ў тым, што год быў надзвычай насычаны. Таму аповед пра ўсё, што адбылося, зойме зашмат месца, і давялося яго больш, чым раней, структураваць, каб не заснуць пішучы, ці чытаючы :)



    • Кнігі

    Год пачаўся з тэхнічнага давядзення да друку яшчэ папярэдніх “Запісаў БІНіМу”. Заняў гэты працэс больш за два месяцы, але ў сакавіку альманах усё ж выйшаў — самы вялікі паводле аб’ёму з усіх папярэдніх (860 старонак). Яго можна сёння пабачыць на старонцы Камунікату тут: http://kamunikat.org/halounaja.html?pubid=34727
    Read more...Collapse )
    Зычу, каб у кожнага ў жыцці былі людзі, якія могуць падтрымаць і дапамагчы ў самы патрэбны момант.



    З Калядамі і Новым годам!

    Tags:

    Дзень айца Аляксандра

    У гэты дзень, ад 2006 года пачынаючы, была адна важная справа - зазваніць да айца Аляксандра. Штораз можна было пачуць яго жарты пра "невылечную хваробу - старасць", адчуць ягоную цікавасць да таго, чым займаюся і "што там у Менску". Зразумела, што былі званкі і ў іншы час ды з іншых нагодаў, але 8 жніўня ў мяне быў заўсёды - дзень айца Аляксандра...
    Няхай так і застаецца, хоць бы і без званка...



    P.S. Здымак зроблены ў жніўні 2005 годзе ў Лондане. Дзякуй за фота Ігару Лабацэвічу.
    Кнігу зспамінаў Святаслава Шабовіча "З фальварка Марцінова да Фармінгтонскіх узгоркаў: Гісторыя аднаго падарожжа" можна набыць тут:
    http://knihi.by/knihi/sabovic-sviataslau-z-falvarka-marcinova-da-farminhtonskich-uzhorkau
    SAM_5567.jpg
    Сумная вестка прыйшла з Нью-Ёрку. 28 красавіка памёр пляменнік Якуба Коласа грамадскі дзеяч Аляксандр Міцкевіч.


    Аляксандар Міцкевіч нарадзіўся у вёсцы Мікалаеўшчына ў сям’і Міхаліны Міцкевіч, сястры Якуба Коласа, у 1919 г.

    Напярэдадні Другой сусветнай вайны скончыў настаўніцкія курсы і працаваў настаўнікам у Жыгалкаўскай вясковай школе. У 1944 г. выехаў на эміграцыю: Аўстрыя — Францыя — Бельгія. Спрабаваў вучыцца на філасофскім аддзяленні Лювенскага ўніверсітэту, але не скончыў. У 1955 г., атрымаўшы запрашэнне ад дзядзькі — Міхася Міцкевіча (брата Якуба Коласа) — перабраўся ў ЗША. Жыў у Нью-Ёрку.

    Быў сябрам Беларуска-Амерыканскага задзіночання, уваходзіў у Галоўную ўправу арганізацыі, кіраўніцтва Нью-Ёрскага аддзелу. Ад 1965 г. быў сябрам рэдкалегіі ды распаўсюднікам газеты “Беларус”.

    У 1980—1990-х выдаваў бюлетэнь“Весткі й паведамленьні Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА”. Радны БНР.

    Больш пра Аляксандра Міцкевіча можна патытаць тут: http://news.tut.by/society/143686.html
    Пабачыла свет новая кніга. Дзякуй vidymus, без якога яе б ніколі не было.


    Кніга С. Шабовіча “Ад фальварка Марцінова да Фармінгтонскіх узгоркаў: Гісторыя аднаго падарожжа” (24-я ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”) уяўляе сабой успаміны беларускага эмігранта, што у часе Другой сусветнай вайны страціў бацькоў і ў 12-гадовым узросце пакінуў Беларусь. Аўтар распавядае пра беларускае дзяцінства, тулянні па паваеннай Нямеччыне, выезд у ЗША і ўладкаванне ў новай краіне. Успаміны адлюстроўваюць погляд на падзеі беларускай гісторыі і эміграцыі прадстаўніка пакалення Ды-Пі, на станаўленне светапогляду якога значны ўплыў зрабіла жыццё ў лагерах для перамешчаных асобаў і ЗША.

    Каб патлумачыць адметнасць кнігі - крыху з маёй прадмовы да яе:

    "... Выразнай адметнасцю ўспамінаў Святаслава Шабовіча ёсць гранічная аўтарская шчырасць і непасрэднасць, на мяжы з аголенасцю, што пераводзіць мемуары ў іншы жанр — споведзь і прымушае згадаць аднайменны твор Жан-Жака Русо. Гэты тэкст, бадай першы ў эміграцыйнай (а мо не толькі эміграцыйнай) мемуарыстыцы, дзе аўтар расказвае пра ўласнае дзіцячае сутыкненне з гвалтам у сям’і, з алкаголем, пра сексуальныя назіранні і перажыванні. Ва ўспамінах Святаслава Шабовіча можна знайсці рэфлексіі пра тое, што разведзеная з бацькам маці мела натуральную патрэбу, каб побач быў мужчына. Падглядаючы за адным з тых мужчынаў, юнак даведаўся, што такое мастурбацыя. У мемуарах можна знайсці згадкі, як, жывучы ў лагеры Ды-Пі у Тырсгайме, архіепіскап БАПЦ Філафей па начах сустракаўся з жанчынай, і ў вачах падлетка гэта выглядала зусім зразумелым. Таксама Святаслаў Шабовіч піша, як нямецкія жанчыны ў паваенны час прадавалі сваё цела амерыканскім салдатам за цыгарэты, харчы ці рэчы з вайсковых пасылак. І аўтар прапануе ўраду ЗША падзякаваць тым жанчынам, бо яны забяспечвалі жаўнераў у іх натуральных патрэбах. Усе згаданыя, як і іншыя падобныя, моманты ў тэксце, выглядаюць арганічна і суправаджаюцца шчырымі развагамі і назіраннямі за чалавечай прыродай і сутнасцю міжчалавечых дачыненняў.
    Read more...Collapse )
    Памятаю яго такім


    На пахаванні а. Кастуся Маскаліка ў Лондане. 2010 г. Тады на могілках айцец паказаў на лапік зямлі блізу магілы біскупа Сіповіча і сказаў: "Тут і маё месца будзе"


    На службе ў 2012 г. Мой апошні прыезд у Лондан. Тады так не хацелася думаць, што бачымся апошні раз.

    Больш не будзе каму званіць у Лондан 8 жніўня.

    Дзякуй Вам, Ойча, за ўсё!
    Запрашаю ўсіх жадаючых падаваць заяўкі на ўдзел ў тэматычнай панэлі "Беларускае замежжа ў гісторыі і сучаснасці"

    Беларускае замежжа адлюстроўвае наяўнасць “падзеленай нацыі”, феномен якой на сёння яшчэ не асэнсаваны айчыннымі інтэлектуаламі. Існаванне каля чвэрці суродзічаў па-за метраполіяй з’яўляецца вынікам як рознага кшталту эміграцый (эканамічных, палітычных), гэтак і геапалітычных працэсаў, праз якія змяняліся беларускія межы. Пры тым, актыўная эміграцыя працягваецца і да сёння, а сістэматычнага вывучэння феномену беларускага замежжа, фактычна, няма. Раскіданая па розных краінах і кантынентах культурна-гістарычная спадчына замежных суайчыннікаў вельмі павольна ўключаецца ў гістарычны дыскурс Беларусі. З аднаго боку, мэтай гэтай секцыі з’яўляецца стварэнне пляцоўкі для даследчыкаў з розных краінаў, каб дзяліцца ўласнымі напрацоўкамі ў вывучэнні асобных аспектаў гісторыі і сучаснасці беларускага замежжа. З іншага боку, супольная праца дазволіць удзельнікам абмеркаваць канкрэтныя магчымасці і шляхі ўключэння гісторыка-культурнай спадчыны беларускага замежжа ў інтэлектуальную прастору метраполіі.
    http://icbs.palityka.org/kangres-2015-spis-temau/

    http://icbs.palityka.org/news-by/zbor-zajavak-v-kanhres-2015/

    Запісы БІНіМ. №37. 2014

    Пабачыў свет новы выпуск альманаха, прысвечанага беларускаму замежжу "Запісы БІНіМ".
    Cover

    Zmiest1
    Read more...Collapse )
    Віншую ўсіх аўтараў!

    Падарожная калекцыя

    Недзе ад 2005 года пачала прывозіць з вандровак снежныя шарыкі. Спачатку без усялякай думкі, а потым стала шукаць адмысловыя, каб былі выявы архітэктурных помнікаў канкрэтнага горада. У выніку дасёння назбіралася 32 шарыкі.
    SAM_4876

    За выключэннем некалькіх, усе набывала сама ў часе ўласных паездак - гэта для мяне прынцыпова.
    Read more...Collapse )

    Profile

    звычайная
    hardzin
    Наталля

    Latest Month

    December 2016
    S M T W T F S
        123
    45678910
    11121314151617
    18192021222324
    25262728293031

    Tags

    Syndicate

    RSS Atom
    Powered by LiveJournal.com
    Designed by chasethestars