Наталля (hardzin) wrote,
Наталля
hardzin

"З фальварка Марцінова да Фармінгтонскіх узгоркаў" Святаслава Шабовіча

Пабачыла свет новая кніга. Дзякуй vidymus, без якога яе б ніколі не было.


Кніга С. Шабовіча “Ад фальварка Марцінова да Фармінгтонскіх узгоркаў: Гісторыя аднаго падарожжа” (24-я ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”) уяўляе сабой успаміны беларускага эмігранта, што у часе Другой сусветнай вайны страціў бацькоў і ў 12-гадовым узросце пакінуў Беларусь. Аўтар распавядае пра беларускае дзяцінства, тулянні па паваеннай Нямеччыне, выезд у ЗША і ўладкаванне ў новай краіне. Успаміны адлюстроўваюць погляд на падзеі беларускай гісторыі і эміграцыі прадстаўніка пакалення Ды-Пі, на станаўленне светапогляду якога значны ўплыў зрабіла жыццё ў лагерах для перамешчаных асобаў і ЗША.

Каб патлумачыць адметнасць кнігі - крыху з маёй прадмовы да яе:

"... Выразнай адметнасцю ўспамінаў Святаслава Шабовіча ёсць гранічная аўтарская шчырасць і непасрэднасць, на мяжы з аголенасцю, што пераводзіць мемуары ў іншы жанр — споведзь і прымушае згадаць аднайменны твор Жан-Жака Русо. Гэты тэкст, бадай першы ў эміграцыйнай (а мо не толькі эміграцыйнай) мемуарыстыцы, дзе аўтар расказвае пра ўласнае дзіцячае сутыкненне з гвалтам у сям’і, з алкаголем, пра сексуальныя назіранні і перажыванні. Ва ўспамінах Святаслава Шабовіча можна знайсці рэфлексіі пра тое, што разведзеная з бацькам маці мела натуральную патрэбу, каб побач быў мужчына. Падглядаючы за адным з тых мужчынаў, юнак даведаўся, што такое мастурбацыя. У мемуарах можна знайсці згадкі, як, жывучы ў лагеры Ды-Пі у Тырсгайме, архіепіскап БАПЦ Філафей па начах сустракаўся з жанчынай, і ў вачах падлетка гэта выглядала зусім зразумелым. Таксама Святаслаў Шабовіч піша, як нямецкія жанчыны ў паваенны час прадавалі сваё цела амерыканскім салдатам за цыгарэты, харчы ці рэчы з вайсковых пасылак. І аўтар прапануе ўраду ЗША падзякаваць тым жанчынам, бо яны забяспечвалі жаўнераў у іх натуральных патрэбах. Усе згаданыя, як і іншыя падобныя, моманты ў тэксце, выглядаюць арганічна і суправаджаюцца шчырымі развагамі і назіраннямі за чалавечай прыродай і сутнасцю міжчалавечых дачыненняў.

Яшчэ адна спецыфічная рыса ўспамінаў Святаслава Шабовіча — своеасаблівая цыклічнасць аповеду. Кожны раздзел пісаўся як адносна самастойны ўспамін з завершанай структурай, таму да найбольш важных падзей аўтар вяртаецца неаднойчы, згадваючы іх з рознымі падрабязнасцямі. Да таго ж, відавочна, штуршком да пісання мемуараў стала здзейсненае на пачатку ХХІ ст. падарожжа па Еўропе і наведванне Беларусі. Ад гэтых сваіх уражанняў аўтар адштурхоўваецца ў аповедах. У выніку мінулае часта перагукаецца ў тэкстах з сучаснасцю, з уражаннямі пра адведванне больш як праз паўстагоддзя месцаў, дзе адбываліся важныя падзеі дзяцінства і юнацтва.

“З фальварка Марцінова да Фармінгтонскіх узгоркаў” пісаліся першапачаткова як успаміны для сям’і – для дзяцей, унукаў, праўнукаў. І гэта адлюстравалася не толькі ў англійскай мове арыгіналу, перакладзенага для кніжнай публікацыі Віялетай Кавалёвай. Адбітак уяўлення аўтара пра мэтавую аўдыторыю можна знайсці ў тлумачэннях некаторых рэчаў і з’яваў, людзям з беларускім досведам блізкіх і зразумелых. Так, народжаным у ЗША нашчадкам трэба было тлумачыць, як рабілі са збожжа муку, як без электрычнасці ўзбівалі масла, як выглядала лазня і г. д. З пазіцыі ўжо амерыканца Святаслаў Шабовіч тлумачыць, чаму вясковы сабака мусіў жыць у будцы і што гэта не ўспрымалася як здзек з жывёлы. Гэткія ж рэфлексіі з пазіцыі гадоў, пражытых у ЗША, над рэпрэсіямі, пад якія патрапіў бацька, над дзейнасцю партызанаў, што забілі маці і бабулю, над бамбардаваннямі нямецкіх гарадоў і іншым — таксама неад’емная частка ўспамінаў.

У сваім аповедзе Святаслаў Шабовіч даволі падрабязна апісвае падзеі жыцця ў паваеннай Нямеччыне: пераезды з аднаго лагера ў іншы ў пошуках бяспечнага месца, каб пазбегнуць рэпатрыяцыі, навучанне ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Міхельсдорфе, скаўтынг. І нягледзячы на заўвагу самога аўтара, што ў згадках пра навучанне яму шмат дапамагла кніга Яна Максімюка , успаміны напоўненыя каштоўнымі дэталямі. (...)

Сітуацыя Святаслава Шабовіча адметная яшчэ і тым, што на эміграцыі ён быў мала заангажаваны ў беларускую дзейнасць. Усведамляючы сябе беларусам, ён пераважна трапляў у асяродкі, далёкія ад сталай нацыянальнай актыўнасці суродзічаў. І значная частка яго і “нямецкіх” успамінаў, і “амерыканскіх” — гэта аповед пра падзеі ўласнага сталення, пошуку месца ў жыцці. (...)"
Tags: асоба, кнігі, эміграцыя
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments