Наталля (hardzin) wrote,
Наталля
hardzin

Новая кніга. Барыс Данілюк “Азіраючыся расой выетымі вачыма”




Данілюк, Барыс. Азіраючыся расой выетымі вачыма: Успаміны. Мінск: Лімарыус, 2012. — 524 с. — (Беларуская мэмуарная бібліятэка).

Пабачыў свет новы том Беларускай мемуарнай бібліятэкі, які склалі ўспаміны вядомага дзеяча беларускай эміграцыі ў ЗША Барыса Данілюка (1923—2011). “Азіраючыся расой выетымі вачыма” аўтар пісаў у апошнія гады жыцця, адначасова складаючы “Здымкавы летапіс жыцця і дзейнасці беларускае эміграцыі ў ЗША і іншых заходніх краінах”. І першы, і другі творы, на жаль, засталіся няскончыныя.
Найбольш падрабязны аповед ва ўспамінах датычыць даваеннага і ваеннага жыцця Барыса Данілюка на роднай Слонімшчыне. Са старонак мемуараў паўстае рэальная, негераізаваная постаць бацькі аўтара — айца Хведара Данілюка (1887—1960), падаюцца побытавыя падрабязнасці жыцця сям’і праваслаўнага святара ў міжваеннай Заходняй Беларусі з перыядычнымі пераездамі з аднаго месца на другое, неабходнасцю наноў адбудоўваць гаспадарку, залежнасцю ад дабрабыту вернікаў і настрою царкоўных уладаў. Барыс Данілюк паслядоўна распавядае пра сваё школьнае навучанне, асаблівасці дачыненняў паміж вучнямі, характарызуе настаўнікаў, згадвае пра сваё выключэнне з гімназіі ў Слоніме. Яскрава адлюстроўваюцца на старонках успамінаў нюансы беларуска-польскіх дачыненняў.
Падрабязна прадстаўленыя ў мемуарах і падзеі прыходу ў Заходнюю Беларусь савецкай ўлады, тыя складанасці, якія яна прынесла сям’і святара, адчуванне безвыходнасці. Надзвычай рэалістычна падаюцца і падзеі нямецкай акупацыі. Малады хлопец – супрацоўнік беларускай адміністрацыі на Слонімшчыне – Барыс Данілюк прызнаецца ў тых надзеях на беларусізацыю грамадскага жыцця, якія ён меў і якія былі далёка не ў поўнай меры рэалізаваныя праз неразуменне і нядбальства як немцаў, гэтак і сваіх – беларусаў.

Удзельнік Другога Усебеларускага Кангрэсу Барыс Данілюк згадвае і падзеі гэтага форуму, і настрой адразу пасля яго, і адметнасці бежанства з Беларусі праз Польшчу ў Нямеччыну, ды паўгалоднае там існаванне. Асаблівасці жыцця ў Берліне перад канцом вайны ды пазней у французскай зоне акупацыі Нямеччыны – гэта апошнія старонкі падрабязных успамінаў аўтара. Далейшыя падзеі: навучанне ў УНРРАўскім універсітэце ў Мюнхене, выезд у ЗША ды актыўная грамадская дзейнасць у новай краіне – усё гэта Барыс Данілюк не паспеў выкласці гэтак жа паслядоўна, як папярэднія гады свайго жыцця. Аднак выдаўцы, для стварэння завершанага аповеду, скарысталі ў кнізе невялікія ўспаміны, напісаныя дзеячам на просьбу эміграцыязнаўцы Лявона Юрэвіча для перыёдыка “Запісы БІНіМ”. Такім чынам, храналагічна мемуары даходзяць да пачатку 1970-х гг., спыняючыся на смерці ўладыкі Васіля (Тамашчыка).
Ва ўспамінах Барыса Данілюка сямейная гісторыя цесна пераплеценая з падзеямі гісторыі Беларусі ды сусветнай гісторыі. Гэты арганічны сінтэз дае магчымасць зноў пабачыць і адчуць асаблівасці ўспрымання беларусам сябе і свету, асэнсавання свайго месца ў гісторыі.
Успаміны Барыса Данілюка багата ілюстраваныя здымкамі з сямейнага архіву. У тым ліку тут ёсць рэдкія выявы падзеяў на Слонімшчыне часоў Другой сусветнай. Традыцыйна высокі навуковы ўзровень выданьня мемуараў падтрыманы і грунтоўнымі камэнтарамі, зробленымі гісторыкамі Аляксандрам Пашкевічам, Алегам і Наталляй Гардзіенкамі.
Цікавыя, падрабязныя, удумлівыя, упершыню апублікаваныя ўспаміны Барыса Данілюка — яшчэ адзін важны помнік эміграцыйнай мемуарыстыкі, падараваны айчыннай культурна-гістарычнай прасторы.
Tags: кнігі, мемуары, эміграцыя
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 1 comment