Наталля (hardzin) wrote,
Наталля
hardzin

Эміграцыйная гісторыя ў выданнях. "Лучнік"

У “Хроніцы беларускага жыцьця на чужыне” Міколы Панькова пазначана, што 7 жніўня “памёр у Мэльбурне Павал Яськевіч, афіцэр БКА, выдатны працаўнік і рэд. “Лучніка””
Зачапіла мяне тое, што такога імя я ў сваіх аўстралійскіх пошуках не сустракала. Магчыма гэта недакладнасць складальніка хронікі, а можа ён меў нейкую адмысловую інфармацыю. Я ж маю інфармацыю пра часопіс, то скарыстаю нагоду, каб крыху пра яго распавесці, тым больш, што сёння ён сапраўдная бібліяграфічная рэдкасць.
У бібліяграфіі “Беларускі друк на Захадзе” Вітаўта і Зоры Кіпеляў Пададзена:
“Łučnik. Orhan infarmacyji i łučnaści
East Brisbane, Qld., Australia, Vydaje Z[adzinočańnie] B[iełaruskich] V[eteranau] u Australij. Red. D. Jackievič
№1, studz. 1952 Hod. 1 — № 22, sak. 1956 Hod 5
ад № 14, luty. 1953 Hod 2 — vyd. Zadzinočańnie Biełaruskich Veteranau u Australij i N.-Zelandyij
№ 22, sak. 1956 — Spotswood, Vic.
Выходзіў месячна ад студзеня 1952 да сакавіка 1953; пазьней двумесячна й радзей”
Lucznik1
Гэта быў адзіны беларускі перыёдык ў аўстралійскім Брысбэне. Ягоным стваральнікам, наколькі вядома, быў беларус, сапраўды афіцэр БКА, Данат Яцкевіч (6.05.1924(22?)—11.07.1969). Часопіс выдаваўся лацінкаю з выключна тэхнічных абставінаў (гэта было пазначана ў самім часопісе) — такой была даступная друкарка. Наклад наўрад ці быў большы за 100 асобнікаў, улічваючы даступныя тады беларускім эмігрантам тэхналогіі рататарнага друку. Выдаваўся “Лучнік” як орган Задзіночаньня беларускіх ветэранаў у Аўстраліі і Новай Зеляндыі, бо кіраўніком гэтай арганізацыі быў таксама Данат Яцкевіч.

Большасць тэкстаў у нумарах пісаў, відаць, сам рэдактар. Прынамсі ў тых трох апошніх нумарах, копіі якіх я маю (арыгіналы захоўваюцца ў архіве ЗБС “Бацькаўшчына”) большасць матэрыялаў падпісаныя або ўласна прозвішчам рэдактара, або “Данат Ветэран”, або “Галоўнае Кіраўніцтва ЗБВ у Аўстраліі і Новай Зеландыі”… Што было ў тых нумарах? Абавязковыя тэксты ад рэдакцыі ці кіраўніцтва арганізацыі (віншавальныя ці справаздачныя), запісы з хронікі беларускага жыцця ў Аўстраліі і іншых краінах Захаду, часам і з падзеяў у Беларусі, артыкулы на актуальныя тэмы. У апошнім нумары, што выйшаў ужо ў Мельбурне, куды Данат Яцкевіч пераехаў з сям’ёй недзе ў 1956 г., змешчана вялікае апавяданне “Сын нацдэма”. Таксама абавязковыя на старонках былі абвесткі, падзякі, усё тое, што жыццёва звязвае часопіс з мясцовай брысбэнскай грамадой. Між іншага, як толькі Яцкевіч перабраўся ў Мельбурн, беларускае жыццё ў Брысбэне скончылася. Магчыма што часопіс выконваў сапраўды ролю лучніка паміж тамтэйшымі беларусамі.
Апошні нумар “Лучніка” адметны ў параўнанні з папярэднімі. У ім з’явіліся ілюстрацыі. І хоць гэта не пазначана ў самім нумары, хутчэй за ўсё мастацкім аздабленнем займаўся Уладзімір Шнэк-Случанскі, бо вельмі ж падобныя тут малюнкі на тыя, што былі ў ягоным сатырычным часопісе “Ёрш”.
І вось цікавы парадокс. Данат Яцкевіч выдаваў “Лучніка” цягам трох гадоў амаль аднаасобна ў Брысбэне, без асаблівай інтэлектуальнай дапамогі з боку мясцовай грамады, і часопіс выходзіў досыць рэгулярна. А як перабраўся рэдактар у Мельбурн, дзе беларуская грамада была значна больш колькасная, дзе жылі Уладзімір Шнэк, Алесь Салавей, Аляксандр Калодка, Мікола Нікан ды багата яшчэ іншых адукаваных беларусаў, выдаць больш за адзін нумар часопіса не здолеў. Зрэшчы, як і створаная Данатам Яцкевічам арганізацыя, Задзіночанне беларускіх ветэранаў у Аўстраліі і Новай Зеландыі спыніла сваё існаванне ў той самы час.

Lucznik3

Lucznik2
Даведка
Задзіночаньне Беларускіх Вэтэранаў у Аўстраліі (і Новай Зэляндыі)
Арганізавана ў лютым 1950 г. у Брысбэне, афіцыйна зарэгістравана як агульнааўстралійская арганізацыя 25 сакавіка 1950 г. Галоўным ініцыятарам стварэньня й кіраўніком быў Данат Яцкевіч. Было абвешчана пра стварэньне аддзелаў арганізацыі ў Пэрце (1952), Адэляйдзе (1952), Мэльбурне (1956), Тайджэры (Новая Зэляндыя, 1954) — да назвы арганізацыі далучаецца адпаведнае пазначэньне. Галоўнае Кіраўніцтва на Аўстралію ажыцьцяўлялася з управы ў Брысбэне.
Кірункамі дзейнасьці было наладжваньне нацыянальных мерапрыемтсваў, а таксама рэпрэзэнтацыя беларусаў у аўстралійскім грамадзтве й стасунках зь іншымі арганізацыямі. Задзіночаньне імкнулася актыўна ўдзельнічаць у стварэньні беларускіх стэндаў на міжнацыянальных выставах, наладзіла трансьляцыю беларускіх песень на радыё, выдавала часопіс “Łučnik”, мела ўласную друкарню.
Спыніла існаваньне хутка пасьля пераезду кіраўніка Даната Яцкевіча ў Мэльбурн. Да канца 50-х гадоў зьвесткі пра арганізацыю зьнікаюць.
Tags: выданні, каляндар, эміграцыя
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments