Наталля (hardzin) wrote,
Наталля
hardzin

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 8 жніўня. Мікалай Лапіцкі і Вячаслаў Селях-Качанскі

У гэты дзень у 1976 г. памерлі два беларускія дзеячы ў ЗША: айцец Мікалай Лапіцкі і Вячаслаў Селях-Качанскі. І пахаваныя яны на Саўтрыверскіх беларускіх могілках у адным шэрагу.

МІКАЛАЙ ЛАПІЦКІ (13.12.1907, в. Грэлікі (сёння Вялейскі р-н Мінскай вобл.) — 08.08.1976, Глэн-Спэй, Нью-Ёрк, ЗША), рэлігійна-грамадскі дзеяч, праваслаўны святар, педагог. Скончыў тэалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, абараніў магістарскую дысертацыю “Праваслаўе ў ВКЛ у часы вялікага князя Ягайлы”. Працаваў у прыходах у Ашмянах, Стэфанпалі Дзісненскага павета. Падчас нямецкай акупацыі жыў у Мінску, быў актыўным прыхільнікам БАПЦ. Ад 1944 г. — на эміграцыі. Настаяцель царквы Св. Ефрасінні Полацкай у Рэгенсбургу — першай беларускай царквы на Захадзе. Выкладаў у Беларускай гімназіі імя Я. Купалы. У 1950 г. выехаў у ЗША. Арганізаваў парафію ў Св. Ефрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы і быў яе настаяцелем у 1950—1976 гг. Рэдактар часопіса “Царкоўны светач”. У 1960—1970-х узначальваў ЗБАДК, браў удзел у кангрэсах беларусаў Амерыкі, уваходзіў у кіраўнічыя структуры БККА.
IMG_4399
Lapicki1
Кніга ягоных лістоў выйшла ў 2005 г.(У служэньні Богу й Беларусі / Укл., прадм., камэнт. Ю. Гарбінскага. Нью Ёрк — Варшава, 2005. — 672 с. ) Яе можна ўбачыць тут: http://zbsb.org/lib/index.php?option=com_alblib&view=article&id=419

ВЯЧАСЛАЎ СЕЛЯХ (на эміграцыі першы час быў Усевалад Качанскі, часам пісаўся Селях-Качанскі, 15.12.1885, Лагойск — 08.08.1976, Саўт-Рывер, ЗША), оперны спявак, тэатральны і грамадскі дзеяч. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. У 1910 г. паступіў у оперны клас Пецярбурскай кансерваторыі. У 1915 г. выбраны з 300 прэтэндэнтаў у Марыінскі імператарскі тэатр. Спяваў у “Князю Ігару”, “Рыгалета”, “Дэману”, “Барысу Гадунову”, сумесна з вядомым расійскім спеваком Фёдарам Шаляпіным — у “Хаваншчыне” і “Кармэн”. У 1925 г. пераехаў у Мінск, дзе працаваў выкладчыкам у музычным тэхнікуме і кіраваў музычнай секцыяй пры Інстытуце беларускай культуры. Паставіў першую оперу па-беларуску — “Русалка”. Ад 1927 г. быў дырэктарам БДТ-1 (сёння Купалаўскі тэатр). У 1933 г. рэпрэсаваны. Па вызваленні жыў у Ленінградскай вобласці. У 1943 г. вярнуўся ў Беларусь, працаваў кіраўніком аддзела культуры і мастацтва пры БНС, потым узначальваў аддзел культуры ва ўрадзе БЦР. Ад 1944 г. — на эміграцыі. У Нямеччыне стварыў тэатральна-мастацкую групу “Жыве Беларусь”, з якой гастраляваў па беларускіх асяродках. У 1950 г. выехаў у ЗША. Жыў у Саўт-Рыверы, браў удзел у жыцці мясцовай беларускай грамады. Належаў да БККА.

IMG_4354
Tags: асобы, каляндар, эміграцыя
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments