January 5th, 2009

звычайная

Першыя крокі

Раблю свае першыя крокі ў LJ і разумею, што павінна для сябе самой (ну і для іншых, магчыма) вызначыцца, навошта мне ўсё гэта патрэбна. Дык вось, што надумала. Цягам ужо болей як шасці гадоў я займаюся вывучэннем гісторыі беларускай эміграцыі. Праўда, нягледзячы на наяўнасць гістарычнай адукацыі і навуковай ступені, мая даследчая актыўнасць праз увесь гэты час заставалася (дый, напэўна, застанецца) на ўзроўні своеасаблівага хобі, то бок таго, чым я магу займацца толькі ў вольны ад асноўнай працы час. Тым не менш, за гэтыя шэсць гадоў я паспела: напісаць з дзясятак (дакладна не лічыла) артыкулаў па гісторыі беларускай эміграцыі, паўдзельнічаць у выданні пяці нумароў часопіса, прысвечанага той самай тэматыцы, выдаць адну кнігу (пра беларусаў у Аўстраліі) і падрыхтаваць другую (пра беларусаў у Вялікабрытаніі), наладзіць шчыльныя кантакты з некаторымі эміграцыйнымі асяродкамі і навукоўцамі, і ГАЛОЎНАЕ зразумець, што ўсё гэта МАЁ, бо мне хочацца і далей гэтым займацца.
Мне цікавыя любыя праявы беларускай прысутнасці ў свеце, асабліва на Захадзе. І мне хочацца, каб інфармацыя пра гэта пашыралася ў беларускім грамадзтве і ня толькі. Менавіта з гэтым звязаны і мой намер распачаць свой LJ. З яго дапамогай хацела б пашырыць кола ўласных кантактаў, а таксама па магчымасці больш шырока распаўсюджваць цікавую інфармацыю пра беларусаў у свеце, якая трапляецца мне.
Усіх, каму гэта цікава, запрашаю ў сябры!
звычайная

Каляндар падзеяў гісторыі беларускай эміграцыі на студзень

Калі атрымаецца, буду рабіць своеасаблівы каляндар “круглых” (крок ў 5 гадоў) датаў гісторыі беларускай эміграцыі штомесяц, а потым дадаваць асобна прынагодныя рэфлексіі з тае ці іншае падзеі.
Каляндар суб’ектыўны, няпоўны. І яго можна дапаўняць.

Студзень

6 студзеня 2004 г. памёр беларускі пісьменьнік на эміграцыі Янка Юхнавец.
6 студзеня 1919 г. нарадзілася беларуская грамадзкая дзяячка ў Аўстраліі Аўгіньня Каранеўская.
19 студзеня 2004 г. памерла дачка Радаслава Астроўкага Галіна Мінкевіч
23 студзеня 1994 г. у Адэлаідзе (Аўстралія) памёр беларускі грамадзкі дзеяч у Аўстраліі Янка Ролсан.
23 студзеня 1889 г. у Чылі памёр Ігнаці Дамейка
28 студзеня 1984 г. памёр беларускі дзеяч у Вялікабрытаніі і ЗША Мікола Гумен.
У студзені 1959 г. выйшаў першы нумар часопіса “Беларуская Моладзь”, што выдаваўся ў Брукліне.