January 20th, 2009

звычайная

Галіна Мінкевіч

19 студзеня споўнілася пяць гадоў з дня смерці Галіны Мінкевіч, дачкі Радаслава Астроўскага. Яна нарадзілася 19 траўня 1908 г. Скончыла Віленскі ўніверсітэт. Паводле адукацыі была медыкам. У першым шлюбе была з старшынём Беларускага студэнцкага саюзу Ігнатам Гагалінскім, аднак сумеснага жыцця не атрымалася. Потым пабралася з медыкам Мікалаем Мінкевічам, з якім і пражыла ўсё жыцце. У часе вайны працавала па спецыяльнасці. Ад 1944 г. пачалася эміграцыя: Нямеччына, Аргентына, а ад 1955 г. пасяліліся ў ЗША. Сюды ж у 1960-х удалося перацягнуць з Англіі і бацьку — Радаслава Астроўскага. Ён жыў з сям’ёй дачкі да сваёй смерці.
У Галіны Мінкевіч застаўся сын, то бок унук Радаслава Астроўскага, які жыве, здаецца, у Канадзе. Ніякай сувязі з беларусамі не мае. Цікава, што наогул ён ведае пра свайго дзеда? На жаль, для эміграцыі хутчэй правіла, чым выключэнне, што ўнукі, а часам ужо і дзеці, нічога не ведаюць пра дзейнасць сваіх беларускіх сваякоў. Таму і застаецца вялікай праблемай змена пакаленняў у беларускай дыяспары.