December 10th, 2009

звычайная

ЗНАЁМСТВА З АЛЯСКАЙ

Зора Кіпель
ЗНАЁМСТВА З АЛЯСКАЙ

Аляска была апошнім штатам, які мы зьведалі ў чарадзе падарожжаў па Злучаных Штатах, пачынаючы ад 1966 г. Пабывалі ва ўсіх штатах. Падарожжы плянаваліся мэтадычна, штат за штатам. Пачынаючы ад Калядаў, даўгімі зімовымі вечарамі мы сядзелі зь дзецьмі за картамі, даведнікамі, кнігамі, расьпісваючы дэталі, вельмі дакладна, карпатліва, наступнага летняга падарожжа. Відавочна, у кожную вандроўку зьведвалася некалькі штатаў, а трывалі яны ад 3-х да 6-ці тыдняў. Падарожнічалі пераважна ў машыне, летам, хоць у Гаваях, Каліфорніі мы бывалі і ў зімнія месяцы. У Гаваі, Каліфорнію, штаты Вашынгтон і Аляску мы даляталі самалётам, а там наймалі машыну. Мэтаю нашых падарожжаў было, ясна, зьведаньне Амэрыкі: ляндшафтаў, гарадоў, гістарычных мясьцінаў, нацыянальных паркаў, а таксама, дзе магчыма, прыгледзецца, ці няма беларускіх сьлядоў. Мушу таксама прызнацца, што мела на ўвазе й пэдагагічны фактар — доўгія гадзіны я праводзіла зь дзецьмі, гутарыла зь імі, разважала. Нешта мы рабілі разам!
Прыляцелі мы ў Аляску, у горад Сітка, з Сіетлу (штат Вашынгтон) 12 жніўня 1975 г. У Сітку можна было толькі даляцець або даплысьці караблём, бо дарогаў шасэйных да яе не было: горад знаходзіцца на адным з астравоў архіпэлягу Аляксандра. Быў пахмуры, дажджлівы дзень. Аэрадром вельмі просты: з аднаго боку дарога й аэравакзал, з другога — дзьве досыць кароткія ўзьлётныя дарожкі, а за імі блізка лес. Ніякае агароджы: вылез з самалёту ды ідзі куды хочаш. Навокал пустэльня. Дзьве таксоўкі перад намі нехта ўзяў, і мы стаялі разгубленыя. Праўда, можна было ісьці у горад пешшу, будынкі гарадзкія былі відаць недалёка, але зьявіўся “таксіст-аматар”, і за пару даляраў нас павёз у гатэль.
Першае, што нам трапіла на вочы ў гатэлі пасьля вельмі кароткае рэгістрацыі (проста расьпісацца ў кнізе), — інструкцыі на відных месцах як карыстацца печкамі (напаўэлектрычнымі, напаўгазавымі), бо начамі тут вельмі халодна, ды каб ня зьмерзнуць. Гэтаксама клерк, які нас вітаў у гатэлі, спытаў: “Вы прыляцелі зь ніжніх 48?” — выраз, які ў часе побыту ў Алясцы мы чулі вельмі часта. Тэрыторыю ЗША паміж Мэксыкай і Канадай на Алясцы называюць “lower 48”, маючы на ўвазе геаграфічнае разьмяшчэньне.
Collapse )