March 23rd, 2012

звычайная

Новая кніга. Марыя Стагановіч "Мае ўспаміны"




Пабачыла свет трэцяя кніга ў серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка”. Гэта “Мае ўспаміны” Марыі Стагановіч (1898-1995) - жонкі пасла польскага сойму Аляксандра Стагановіча, чые мемуары распачыналі ў 2011 г. згаданую серыю.
Здаецца, унікальны выдапак, калі муж і жонка пакінулі свае зместава розныя ўспаміны незалежна адно ад аднаго, і гэтыя тэксты з’яўляюцца абсалютна каштоўныя для айчыннай мемуарыстыкі.
Свае ўспаміны Марыя Стагановіч напісала ўжо на эміграцыі на просьбу дачкі “распавесці як раней было ў Беларусі”. Таму гэты аповед пачынаецца з працяглай сямейнай гісторыі са згадкамі шматлікіх сваякоў, мае шмат дэталяў з побытавага жыцця, цікавых штодзённых дробязяў.
Храналагічна ўспаміны ахопліваюць час ад канца ХІХ ст. да 1917 г. Тут акрамя апісанняў нацыянальнай традыцыйнай абраднасці ёсць згадкі, прыкладам, пра навучанне на прафесійных курсах у Менску, а таксама аповед пра бежанства ў Смаленшчыну ў часы першай сусветнай вайны. Марыя цікава параўноўвае сялянскі побыт у вёсцы Ельнінскага павету з побытам на роднай Наваградчыне, дзе яе бацька быў упраўляюшчым у маёнтках графа Храптовіча-Буценева.
Дадаткам да ўспамінаў выступаюць запісы народных песень, нацыянальных страваў ды лекавых якасцяў розных зёлак, што Марыя памятала ад сваёй маці.
Кніга ілюстраваная фотаздымкамі з сямейнага архіву ды суправаджаецца якаснымі каментарамі.