August 9th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 9 жніўня. Янка Запруднік

ЯНКА ЗАПРУДНІК (да эмігр. Сяргей Вільчыцкі нар. 09.08.1926, м. Мір (сёння Карэліцкі р-н Гарадзенскай вобл.)), грамадскі дзеяч, гісторык, публіцыст. Падчас Другой сусветнай вайны вучыўся ў гандлёвай школе ў Баранавічах, быў сябрам СБМ, запісаўся ў дапаможную службу Люфтвафэ і апынуўся ў Нямеччыне. Пасля капітуляцыі апынуўся ў беларускім лягеры DP у Рэгенсбургу, вучыўся ў Беларускай гімназіі ім. Я. Купалы. У 1948 г. з “Дванаццаткай” выехаў у Вялікабрытанію. Працаваў у вугальных капальнях. Быў сябрам ЗБВБ, а таксама Згуртавання беларускіх камбатантаў і БХАА “Жыццё”. У 1950 г. выехаў на навучанне ў Бельгію. У 1954 г. скончыў гістарычны факультэт Лювенскага ўніверсітэта. У 1954—1957 гг. працаваў у беларускай рэдакцыі радыё “Вызваленне” ў Мюнхене, супрацоўнічаў з газетай “Бацькаўшчына”. У 1957 г. выехаў у ЗША, дзе да 1991 г. працаваў у нью-ёркскай рэдакцыі радыё “Свабода”. У 1981–1995 гг. быў галоўным рэдактарам газеты “Беларус”. У 1969 г. у Калумбійскім універсітэце (Нью-Ёрк) абараніў доктарскую дысертацыю “Палітычная барацьба за Беларусь у царскіх Дзяржаўных думах (1906—1917). У 1967—1975 гг. чытаў курс гісторыі Беларусі ў Куінс-каледжы Нью-ёркскага ўніверсітэта, а таксама Калумбійскім універсітэце. Аўтар 7 кніг, 11 брашураў і сотняў артыкулаў па гісторыі Беларусі. Сярод іншага выдаў кнігу, прысвечаную гісторыі “Дванаццаткі”. Уваходзіць у кіраўніцтва Беларуска-амерыканскага задзіночання і Беларускага інстытута навукі і мастацтва, прэзідыум Рады БНР, управу фундацыі ім. П. Крачэўскага.

Zaprudnik
Янка Запруднік на канферэнцыі ў Канадзе. 1971 г.

Zaprudnik-Arsienniewa
Наталля Арсеннева і Янка Запруднік

Dvanaccatka
Знакамітая "Дванаццатка" ў Лондане. Янка Запруднік стаіць другі справа

Дзякую спадару Янку за падтрымку і дапамогу! Віншую з народзінамі і зычу здароўя ды яшчэ доўгіх гадоў плённай працы.
Чакаем выхаду новай кнігі.