August 13th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 13 жніўня. Аўген Кавалеўскі

АЎГЕН КАВАЛЕЎСКІ (07.01.1921, Масква—13.08.1963, Парыж), тэатральны дзеяч, драматург. Неўзабаве па нараджэньні сына сям’я вярнулася ў Менск, дзе ў 1930-х гг. бацька быў рэпрэсаваны. Кавалеўскі скончыў сярэднюю школу №45 г. Менску. Яшчэ ў школьныя гады браў удзел у дзіцячых пастаноўках Тэатра Юнага гледача. Пазьней, па рэкамэндацыі Еўсьцігнея Міровіча накіраваўся у школу пры беларускім Дзяржаўным Драматычным тэатры. Вайна перарвала навучаньне.
У 1944 г. А. Кавалеўскі зьехаў зь Беларусі ў Нямеччыну. Жыў у лягерах ДП ў Рэгенсбургу, Міхельсдорфе, Остэргофэне. Арганізаваў з прафэсійных актораў на эміграцыі ансамбаль песьні й танца “Жыве Беларусь!”, пазьней ператвораны ў Тэатар Эстрады, які езьдзіў з гастролямі па розных ДП лягерах. У 1947 г. у Міхельсдорфе А. Кавалеўскі выдаў адмысловы “Кароткі курс навучаньня актора”. Пісаў таксама апавяданьні, фэльетоны й п’есы, якія публікаваліся як на старонках эміграцыйных часопісаў “Сакавік”, “Моладзь”, “Напагатове” і інш., гэтак і выходзілі асобнымі выданьнямі “Вясновы жук” (Амберг—Рэгенсбург, 1946), “Лекар мімаволі” (Рэгенсбург, 1946), “Ліхадзейка” (Міхельсдорф, 1946), “Шапка няўгледка” (Міхельсдорф, 1947),”Блакітная Вілія” (Остэргофэн, 1948), “Госьці з Тунісу” (Міхельсдорф, 1948), “Случчакі” (Парыж, 1949).
У 1949 г. А. Кавалеўскі перабраўся ў Францыю, дзе быў вымушаны працаваць у парыскай кравецкай майстэрні. На пачатку 1950-х гг. быў сакратаром і кіраўніком аддзелу культуры Галоўнай Управы Беларускай Незалежніцкай Арганізацыі Моладзі ў Францыі. Памёр у 1963 г. у Парыжы (або Руане, паводле М. Панькова).

Kavaleuski
У хаце маю шмат ягоных тэкстаў, рукапісаў, але ніяк не даходзяць рукі, каб упарадкаваць ды зрабіць з гэтага хоць невялікі зборнік. Урывак з адной з ягоных аповесцяў можна знайсці тут: http://zbsb.org/lib/index.php?option=com_alblib&view=article&id=381