August 14th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 14 жніўня. Эдвард Будзька, Бударкевіч, Бурак

ЭДВАРД (АДВАРДЫ) БУДЗЬКА (22.03.1882, м. Будслаў Вялейскага пав. (сёння Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) — 14.8.1958, Чыкага, ЗША), грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст і выдавец. Вучыўся ў Рыжскім політэхнічным інстытуце. Друкаваўся ў газеце “Наша ніва”. Удзельнік Першага Усебеларускага кангрэсу 1917 г. 8 чэрвеня 1918 г. для каардынацыі дзейнасці ў справе вяртання бежанцаў быў накіраваны Народным сакратарыятам Беларусі ў Вільню. У 1918 г. быў адным з арганізатараў Будслаўскай беларускай гімназіі. Па яе закрыцці ў 1919 г. займаўся арганізацыяй беларускай кааперацыі. У 1921—1940 гг. жыў у Літве і Латвіі. Заснаваў курсы беларусазнаўства. У часе нямецкай акупацыі Беларусі працаваў настаўнікам у Мінску і Баранавічах. Ад лета 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне, пазней пераехаў у ЗША. Жыў у Чыкага.
Не знайшла ў сябе ягонага здымку ці нейкіх дакументаў, але ведаю, што, прыкладам, ягоныя ўспаміны пра Алеся Гаруна можна знайсці тут: http://zbsb.org/lib/index.php?option=com_alblib&view=article&id=569

Акрамя таго, гэты дзень звязаны з імёнамі двух брытанскіх беларусаў.
Павал БУДАРКЕВІЧ (нар. 14.08.1922). Нарадзіўся ў в. Турэц Стаўпецкага павету (сёньня Карэліцкі р-н Гарадзенскай вобл.). У часе Другой сусьветнай вайны служыў у беларускай паліцыі парадку, у 1944 г. трапіў у 30-ю грэнадэрскую дывізію СС, перайшоў на бок саюзьнікаў, потым служыў у 2-м Польскім корпусе. У Вялікабрытаніі з 1946 г. Пасяліўся ў Лёндане. Ад 25.01.1947 быў сябрам ЗБВБ, аднак далучыўся да апазыцыі і ў 1948 г. стаў сябрам ХАБР. Уваходзіў у Часовую управу, пазьней быў сябрам Галоўнай управы, рэгулярна абіраўся на пасаду скарбніка. Уваходзіў у рэдкалегію часопіса “Аб’еднаньне”. Актывіст парафіі Сьв. Эўфрасіньні Полацкай у Лёндане.
АНАНІ БУРАК (нар. 14.08.1918). Служыў у Арміі Андэрса, разам зь якой апынуўся ў Вялікабрытаніі. Ад 02.02.1947 быў сябрам ЗБВБ, аднак далучыўся да апазыцыі і ў траўні 1948 г. быў пазбаўлены сяброўства. Жыў у Лёндане. Быў сябрам ХАБР, потым стаў актывістам парафіі Сьв. Эўфрасіньні Полацкай у Лёндане.
Гэта быў чалавек, які фармальна сарваў правядзенне агульнага з'езду ЗБВБ у 1948 г. і прычыніўся да канчатковага расколу арганізацыі.
PrychodEufrPolackajLondan
На здымку Прыход Св. Ефрасінні Полацкай у Лондане. Здымак зроблены ўжо ў 2000-х.