August 17th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 17 жніўня. Гуз, Баговіч, Каляда

ПАВАЛ ГУЗ (15.08.1924 — 17.08.2003), грамадзкі дзеяч. Нарадзіўся ў в. Дуброва (Рэчыцкі раён Гомельскай вобласьці) у сялянскай сям’і. Брат Аляксандра Грыцука па маці, разам зь якім прайшоў цераз Дахаў і па капітуляцыі Нямеччыны апынуўся ў лягеры Куфштайн (Аўстрыя), займаўся арганізацыяй беларускага скаўцкага “Зьвязу імя Івана Луцкевіча”. У 1949 г. разам з жонкай выехаў у Аўстралію. У часе паездкі пазнаёміўся зь Міхасём Зуем і стаў сябрам Беларускай Незалежніцкай Партыі. У Мэльбурне адразу пачаў наладжваць беларускую грамадзкую дзейнасьць. Сакратар першага створанага ў Мэльбурне Беларускага Клюбу, які наладзіў у 1950 г. першае сьвяткаваньне ўгодкаў незалежнасьці БНР. Пазьней сябра ўправы й культурна-асьветны рэфэрэнт Беларускага Аб’еднаньня ў Вікторыі. Дапамагаў у выданьні часопіса “Новае Жыцьцё” ў Мэльбурне, займаўся тэхнічнай працай. Доўгагадовы сакратар-скарбнік, а ў апошнія гады жыцьця й старшыня Беларускага Цэнтральнага Камітэту ў Вікторыі. Ад 1989 г. — сакратар Фэдэральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі. Дэлегат на XIV—XIX Пленумах БЦР, спрыяў абраньню Міхася Зуя на пасаду Прэзыдэнта БЦР. Меў ўзнагароды ад БЦР. Падтрымліваў сувязі зь беларускімі эміграцыйнымі выданьнямі ў іншых краінах, друкаваў нататкі зь жыцьця беларусаў у Мэльбурне й уласныя вершы пад псэўдонімам Паўлюк Дуброўскі.

Huz

Ён быў адным з першых аўстралійскіх беларусаў, з якімі я пазнаёмілася праз ліставанне. Ён пісаў мне даўгія лісты, распавядаючы пра жыццё ў Аўстраліі, якія мяне вельмі ўразілі. Ужо тады ён быў хворы і актыўна змагаўся з хваробаю. Мне ўдалося яшчэ асабіста з ім пазнаёміцца. Памятаю, як уразілі мяне ягоныя адносіны да яшчэ больш хворай (ляжачай) жонкі, якую ён даглядаў да таго часу, пакуль ставала сілаў. Павал Гуз памёр праз паўгады пасля нашага спаткання. Ён быў першым, са знаёмых мне аўстралійскіх беларусаў, што адышоў.

GuzPavelMogilki

СТАНІСЛАЎ БАГОВІЧ, у манастве Мікалай (14.09.1903 – 17.08.1980), манах. Нарадзіўся ў в. Вострава (сёньня Міёрскі р-н Віцебскай вобл.). У 1926 г. уступіў у закон марыянаў у Друі. Скончыў Друйскую гімназію і застаўся пры кляштары. У 1933 г. сьледам за а. Язэпам Германовічам выехаў у Харбін (Манчжурыя), дзе дапамагаў у гаспадарцы харбінскага Дому, пры якім дзейнічала гімназія і інтэрнат для хлопцаў расейскага паходжаньня. Тут прыняў усходні абрад і імя Мікалай. У 1948 г., калі камуністычныя ўлады арыштавалі сьвятароў у Харбіне, здолеў выехаць у Рым, а адтуль у 1951 г. – у Лёндан. Пасяліўся ў Марыян-Хаўзе, дзе выконваў абавязкі чытальніка ў царкве, агародніка і кухара, сьпяваў у хоры. Пахаваны на Лёнданскім могільніку St. Pancras cemetery.

StanislauBahovicz

КЛАЎДЗІЯ КАЛЯДА (па другім мужы Чэрнік, дзявоч. Жарыч, 24.03.1908 — 17.08.1990, Кліўленд), грамадзкая дзяячка. У 1937 г. хутка па нараджэньні дачкі І. Каляды памёр муж. Трымала краму і сыраварню, што ў 1939 г. былі канфіскаваныя бальшавікамі. Ад 1944 г. — на эміграцыі. У Нямеччыне працавала на будоўлі тэлефонных лініяў. У лягерах ДП разам зь Янінай Каханоўскай і Зінай Станкевіч арганізавала першую выставу беларускага народнага мастацтва. Другі муж Аўген Чэрнік загінуў у аўтааварыі ў 1955 г.. Адна з арганізатараў беларускай суботняй школы ў Кліўлэндзе. Стваральніца і шматгадовая старшыня Беларускага Жаночага Згуртаваньня.