August 19th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 19 жніўня. Сяднёў, Слосканс, Наталля Орса

МАСЕЙ СЯДНЁЎ (19.08.1915, в. Мокрае Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ. (сёння Касцюковіцкі р-н Магілёўскай вобл. — 05.02.2001, Глен-Коў, Нью-Ёрк, ЗША), паэт, празаік. У 1933—1936 гг. вучыўся ў Мінскім педагагічным інстытуце. Быў рэпрэсаваны і высланы на Калыму. У 1941 г. вернуты ў Беларусь на перагляд справы. З пачаткам вайны вярнуўся да бацькоў, працаваў на гаспадарцы. У 1943 г. разам з бацькамі выехаў на Захад. Жыў у Беластоку, працаваў карэктарам у “Новай дарозе”, Беларускім камітэце. У 1950 г. выехаў у ЗША. Выкладаў рускую мову ва ўніверсітэце Індыяны. Ад канца 1950-х працаваў у беларускай рэдакцыі радыё “Свабода”. Аўтар кніг “На край святла” (1947), “Спадзяванні” (1947, 1948), “У акіяне ночы” (1947), “Цень Янкі Купалы” (1947), “Ля ціхай брамы” (1955), “Патушаныя зоры” (1975), “Раман Карзюк” (1985), “І той дзень надышоў” (1987), “А часу больш, чым вечнасць” (1989).

Siadniou
Масей СЯднёў, канец 1940-х гг.

БАЛЯСЛАЎ СЛОСКАНС (19.08.1893 — 18.04.1981), каталіцкі іерарх. Паходзіў з латышскай каталіцкай сям’і. У 1926 г. прызначаны Папам рымскім апостальскім адміністратарам Мінскім і Магілёўскім, біскупам Мінскай і Магілёўскай архідыяцэзій. За рэлігійную дзейнасць пераследаваўся савецкімі ўладамі. Адседзеў шэсць гадоў у сталінскіх лагерах. У 1933 г. паводле абмену палітвязнямі выехаў у Латвію. Ад восені 1944 г. — на эміграцыі. У 1952 г. прызначаны Ватыканам апостальскім візітатарам для беларусаў-католікаў у Еўропе. Браў удзел у культурным і нацыянальна-рэлігійным жыцці беларускага замежжа, аказваў матэрыяльную падтрымку беларускім рэлігійным перыядычным выданням.

Slosksns1967
Баляслаў Слосканс, 1967 г.


НАТАЛЛЯ ОРСА (дзявочае Сазановіч, 19.08.1903, в. Сланеўская Воля (сёння Наваградскі р-н Гарадзенскай вобл.) — 18.01.1990, Нью-Ёрк, ЗША), грамадская дзяячка, педагог, жонка А. Орсы. Скончыла наваградскую гімназію, а ў 1927 г. — украінскі педагагічны інстытут у Празе. Працавала выхавацелькай дзявочага інтэрната ў Наваградскай беларускай гімназіі, а таксама выкладала беларускую мову і літаратуру, у тым ліку і ў Наваградскай настаўніцкай семінарыі ў часы нямецкай акупацыі. Ад 1944 г. — на эміграцыі. Выкладала ў Беларускай гімназіі імя Я. Купалы ў Нямеччыне. У 1949 г. выехала ў ЗША. Жыла ў Нью-Ёрку. Выкладала ў беларускіх школах. Была сябрам БАЗА, уваходзіла ва ўправу і кіравала жаночай секцыяй Нью-ёркскага аддзела арганізацыі. Радная БНР.
Некалі ў газеце "Беларус" публікаваліся цікавыя яе ўспаміны.