August 24th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 24 жніўня. Янка Чарапук, Адам Чурыла, Аляксандр Жданковіч

ЯНКА ЧАРАПУК (псеўданім Змагар, 24.08.1896, Новы Двор Сакольскага пав. Гарадзенскай вобл. (сёння Падляскае ваяв., Польшча) — 16.11.1957, Чыкага, ЗША), палітычны дзеяч. Вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбурскага ўніверсітэта. У 1918 г. — супрацоўнік Міністэрства замежных спраў Украінскай Народнай Рэспублікі, чалец Беларускай рады на Украіне. Ад канца 1918 г. — на Гарадзеншчыне, быў сакратаром Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Ад канца 1919 г. жыў у Рызе, працаваў сакратаром Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, сябра Народнай Рады БНР. У 1922 г. выехаў у ЗША. Жыў у Чыкага. Адзін з ініцыятараў стварэння Беларускага народнага камітэта ў штаце Ілінойс, Беларуска-амерыканскага нацыянальнага клуба. Уваходзіў у міжнародную каталіцкую арганізацыю “Рыцары Калумба” (меў найвышэйшую ступень).

Czarapuk1
Рыцар Калумба Янка Чарапук

JankaCzarapuk
Арыгінальная візітоўка Янкі Чарапука

АДАМ ЧУРЫЛА (7.05.1911—24.08.1972). Нарадзіўся ў в. Круты Бераг (сёньня Нясьвіжскі раён) у сялянскай сям’і. Да 1932 г. працаваў у бацькі на гаспадарцы, далей служыў у польскім войску. У 1939 г. удзельнічаў у польска-нямецкай кампаніі, пазьбегнуў палону й вярнуўся дадому. У 1944 г. апынуўся ў Нямеччыне, адкуль у 1948 г. выехаў у Аўстралію. Актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі беларускага жыцьця ў Сыднэі на пачатку 50-х гадоў, але падчас расколу на крывічоў і зарубежнікаў заняў прынцыповую пазыцыю супраць падзелу. Празь некаторы час далучыўся да арганізацыі “незалежнікаў” у Сыднэі. У 1967 г. падтрымліваў аб’яднаўчыя ініцыятывы і наступнае стварэньне Беларускага Культурна-Грамадзкага Клюбу. Ня меў уласнай сям’і, але здолеў за час жыцьця ў Аўстраліі заашчадзіць добрыя грошы і, паводле апошняга тэстамэнту, пакінуў адзін са сваіх дамоў Беларускаму Культурна-Грамадзкаму Клюбу. Пахаваны на беларуска-украінскай сэкцыі могільніку Роквуд у Сыднэі.

Гэта быў чалавек, дзякуючы смерці якога ў Сіднеі з'явіўся Беларускі дом.

Aus_Czuryla

АЛЯКСАНДАР ЖДАНКОВІЧ(24.08.1924 – 17.05.1996). Нарадзіўся ў в. Касьцюкі каля Шаркаўшчыны. Ад 16.02.1947 быў сябрам ЗБВБ, аднак далучыўся да апазыцыі і выйшаў з арганізацыі. Ад 1948 г. быў сябрам ХАБР, уваходзіў у Часовую ўправу арганізацыі, быў першым старшынём Лёнданскага акруговага цэнтру. Цягам усяго існаваньня ХАБР уваходзіў у Галоўную ўправу. У 1962 г. стаў стваральнікам беларускай школкі ў Лёндане. Ад 1956 г. уваходзіў у Краёвы штаб БВФ, у сярэдзіне 1960-х гг. спрабаваў адрадзіць дзейнасьць лёнданскага асяродку БВФ. У 1972 г. вярнуўся ў ЗБВБ, пастаянна абіраўся ў Галоўную ўправу, быў намесьнікам старшыні, сакратаром, у 1995 г. быў абраны на пасаду старшыні. Жыў і памёр у Лёндане, пахаваны на Greenford Park cemetery.