August 25th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах: 25 жніўня. Пануцэвіч, Басяцкі, Ігар Шчорс

ВАЦЛАЎ ПАНУЦЭВІЧцэвіч (да эміграцыі Папуцэвіч, псеўданім Мікола Волаціч, 1910, в. Малая Альшанка Гарадзенскага пав. (сёння Гарадзенскі р-н) — 25.08.1991, Чыкага, ЗША), грамадскі дзеяч, гісторык, педагог. У 1936—1939 гг. вучыўся на юрыдычным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Уваходзіў у склад Беларускага інстытута навукі і гаспадаркі, быў сябрам Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. У 1936 г. увайшоў у склад ініцыятыўнай групы па стварэнні Беларускага нацыянальнага фронту. У 1939—1941 гг. настаўнічаў у Гародні. Падчас нямецкай акупацыі працаваў на розных адміністрацыйных пасадах у Баранавічах. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі. У 1945 г. узначаліў Беларускую гімназію імя М. Багдановіча ў Ватэнштэце. Ад 1946 г. кіраваў Згуртаваннем крывіцкіх скаўтаў на чужыне. У 1949 г. выехаў у ЗША. Жыў у Чыкага. Актывіст мясцовага аддзела БАЗА. Займаўся даследчыцкай дзейнасцю (вывучаў рэлігійную гісторыю Беларусі), браў актыўны ўдзел у арганізацыі грэка-каталіцкай парафіі Св. Хрыста-Збаўцы ў Чыкага. Рэдактар часопісаў “Беларуская царква”, “Літва”.

Некалі рабілі артыкул пра яго як гісторыка і публікавалі ягоную працу па гісторыі праваслаўнай царквы. Вельмі шмат ён пісаў і патрабуе адмысловай увагі, зрэшты, як і увесь беларускі асяродак у Чыкага.

Panucevicz

УЛАДЗІМЕР БАСЯЦКІ (25.08.1920 – ?) Нарадзіўся на Палесьсі. Служыў у Савецкай арміі, потым у беларускай паліцыі, 2-м Польскім корпусе, разам зь якім апынуўся ў Вялікабрытаніі. Жыў у Брадфардзе, Манчэстэры. Ад 04.02.1949 быў сябрам ЗБВБ. Ад 1952 г. перайшоў у апазыцыю. Быў кіраўніком аддзела БВР у Манчэстэры. Потым далучыўся да БВФ і быў сакратаром аддзелу гэтай арганізацыі ў Манчэстэры. Памёр у Манчэстэры

ІГАР ШЧОРС (25.08.1918, в. Новы Свержань (сёння Стаўпецкі р-н Мінскай вобл.)  12.10.1992, Саўт-Рывер, Нью-Джэрсі, ЗША), грамадскі дзеяч. Падчас нямецкай акупацыі — начальнік мінскай крымінальнай паліцыі, у 1944 г. — камандзір 27-га батальёна БКА. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі. Жыў у лагеры ў Міхельсдорфе, належаў да тэатральнай трупы “Жыве Беларусь!” В. Селях-Качанскага. У 1949 г. выехаў у ЗША. Жыў у Саўт-Рыверы. Браў актыўны ўдзел у жыцці парафіі і грамадска-культурных арганізацыяў. Належаў да БККА.