August 27th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 27 жніўня. Уладзімір Шыманец, Уладзімір Клуніцкі

УЛАДЗІМІР ШЫМАНЕЦ (15.05.1911, Рыга (Латвія) — 27.08.1977, Сартрувіль, Францыя), грамадзкі дзеяч, мастак. Скончыў Віленскую тэхнічную школу (1932). Працаваў у Стоўпцах. Зь лета 1944 г. разам зь сям’ёй — на эміграцыі. Напачатку жыў у Капэнгагене, дзе арганізаваў Згуртаваньне беларусаў Даніі. У 1948 г. пераехаў у Францыю. З 1952 г. жыў у Сартрувілі пад Парыжам, браў удзел у працы Аб’яднаньня беларускіх работнікаў у Францыі, дзейнасьці Ўраду БНР (міністар фінансаў). Бацька старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы і грамадзкага дзеяча Лявона Шыманца.

Як раз учора пераглядала вельмі цікавае ліставанне Уладзіміра Шыманца з айцом Львом Гарошкам з часоў Даніі ды Францыі.

Szymancy
На здымку сем'і Шыманцоў і Сурвілаў

УЛАДЗІМІР КЛУНІЦКІ (20.05.1912, Мінск (?) — 27.08.1974, Сіднэй, Аўстралія), грамадскі дзеяч, выдавец. Меў адукацыю агранома. У 1948 г. прыехаў у Аўстралію, дзе адразу стаў адным з актыўных арганізатараў беларускага жыцця. Удзельнічаў у стварэнні першага беларускага клуба і агульнага Беларускага аб’яднання ў Новай Паўднёвай Валіі (пазней перайменаванага ў Беларускае аб’яднанне ў Аўстраліі). У межах дзейнасці гэтых арганізацыяў наладзіў выданне часопіса “Новае жыццё” і ўдзел беларусаў у першых міжнацыянальных выставах “новых аўстралійцаў”. Пасля расколу Беларускага аб’яднання ў Аўстраліі ў 1952 г. далучыўся да Беларускага аб’яднання ў Новай Паўднёвай Валіі, але хутка выйшаў з гэтае арганізацыі і стварыў групу “незалежнікаў”, афіцыйнай структурай якіх праз некаторы час стала Беларуска-аўстралійскае незалежнае аб’яднанне. Падтрымліваў сувязі з Сяргеем Хмарам у Канадзе і ягонымі выданнямі “Беларускі голас” і “Баявая ўскалось”, на старонках якіх рэгулярна друкаваўся. Быў ідэолагам “надпартыйнасці” ў Аўстраліі. У 1954 г. выдаў брашуру “Першыя крокі”, прысвечаную пачаткам беларускага арганізацыйнага жыцця ў Аўстраліі і падзеям расколу. У 1955 — 1956 гг. спрабаваў аднавіць выданне ўласнага часопіса пад назвай “Да перамогі”, але выйшлі толькі два нумары.