August 31st, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 31 жніўня. Віктар Астроўскі

ВІКТАР АСТРОЎСКІ (28.08.1912 – 31.08.1975), грамадзкі дзеяч. Нарадзіўся в. Засімавічы (сёньня Пружанскі р-н Берасьцейскай вобл.), сын Радаслава Астроўскага. Вучыўся на факультэце права Віленскага ўнівэрсытэту, быў сябрам Беларускага студэнцкага саюзу, арганізацыі “Скарынія”. Скончыў агранамічны факультэт Пазнанскага ўнівэрсытэту (інжынэр-аграном). У кастрычніку 1939 г. у Вільні арыштаваны і асуджаны на восем гадоў лягераў, тэрмін адбываў у Варкуце (Расея). Ад канца 1941 г. – у Арміі Андэрса. Ад 1946 г. жыў у Вялікабрытаніі, працаваў у вугальных шахтах, потым на працягу 20 гадоў – у друкарні апэратарам машынаў. Займаўся вывучэньнем картаграфіі Беларусі. Аўтар шэрагу кніг па беларускай картаграфіі і старажытным назвам Беларусі, а таксама публіцыстычных брашураў і артыкулаў, прысьвечаных гісторыі ХХ ст і скіраваных супраць апанэнтаў БЦР. Усе кнігі выдаваў за ўласны кошт. У 1960-х займаўся выданьнем часопіса “Аб’еднаньне”. Зьбіраў калекцыю картаў, якая пасьля яго сьмерці была перададзеная ў Скарынаўскую бібліятэку.