September 1st, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 1 верасня. Ян Абабурка, Расціслаў Завістовіч

Пачынаю другі месяц свайго каляндара.

ЯНКА АБАБУРКА (01.09.1921—23.07.2009), рэлігійны дзеяч. Нарадзіўся ў в. Морач Нясьвіскага пав. (сёньня Клецкі р-н Менскай вобл.). Служыў у Арміі Андэрса. З 1946 г. у Вялікабрытаніі. Браў актыўны ўдзел у грамадзкім і царкоўным беларускім жыцьці ў Манчэстэры. Ад 18.07.1947 сябра ЗБВБ. Ад 1953 г. быў сябрам Згуртаваньня беларускіх камбатантаў (далей – ЗБК). 13 кастрычніка 1963 г. у Карлсруэ (Нямеччына) пасьвечаны ў сьвятары БАПЦ мітрапалітам УАПЦ Ніканорам (Абрамовічам). Ініцыятар набыцьця царквы Жыровіцкай Божай Маці ў Манчэстэры. Апекаваўся прыходамі БАПЦ у Манчэстэры, Брадфардзе, Нотынгеме, Бірмінгеме, Лёндане, Кембрыджы, кіраўнік БАПЦ у Вялікабрытаніі. Жыве ў Манчэстэры, па стане здароўя ад сярэдзіны 1990-х гг. абмежаваў сваю сьвятарскую дзейнасьць.

Мела гонар асабіста пазнаёміцца з айцом Янам ды запісаць з ім інтэрв’ю. Надзвычай цікавы быў чалавек і добры святар.Тэкст з нагоды ягонай смерці быў змешчаны тут: http://nn.by/index.php?c=ar&i=28059

Айцец Ян Абабурка ў 2005 г.


Высвячэнне а. Яна Абабуркі.

РАСЦІСЛАЎ ЗАВІСТОВІЧ (01.09.1928, Случчына — 28.11.2000), грамадскі дзеяч. У 1949 г. прыбыў у ЗША. Жыў у Саўт-Рыверы, браў удзел у моладзевым руху сябра Аб’яднання беларуска-амерыканскай моладзі. У першай палове 1950-х служыў у амерыканскай арміі ў Нямеччыне. Па дэмабілізацыі вучыўся ў Ратгерскім універсітэце (Нью-Джэрсі), па сканчэнні якога пераехаў у Вашынгтон. Перакладаў звароты БККА на англійскую мову, рыхтаваў тэксты, прысвечаныя беларускай тэматыцы, для Congressional Record. Ад сярэдзіны 1960-х на пэўны час адышоў ад актыўнай грамадскай працы, вярнуўшыся толькі ў 1990 г., калі ўзначаліў БККА.

Цікава, што ён быў асабіста знаёмы з Білам Клінтанам і меў з ім ліставанне.