September 4th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 4 верасня. Сяргей Хмара

СЯРГЕЙ ХМАРА (сапраўднае Сіняк, на эміграцыі Марыян Зіняк, 25.05.1905, в. Казлоўшчына Слонімскага пав. (сёння Дзятлаўскі р-н Гарадзенскай вобл.) — 04.09.1992, Таронта, Канада), паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч, выдавец. У час польскай акупацыі Заходняй Беларусі працаваў настаўнікам. Арыштоўваўся дэфензівай (1927, 1939). У часе нямецкай акупацыі працаваў у БНС у Слоніме. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі. У Берліне заснаваў палітычную суполку пад назвай “Двупагоня”. У 1948 г. прыехаў у Канаду. Жыў у Таронта. Выдаваў газету “Беларускі голас”, часопіс “Баявая ўскалось”, таксама шэраг літаратурных і сатырычных выданняў. Стваральнік Канадскага клубу этнічных журналістаў і пісьменнікаў. Аўтар кніг: “Аб багох крывіцкіх сказы” (1946, 1948, 1986), “Сказы Бацькаўшчыны” (1949), “Мы” (1949).


Здымак-паштоўка канца 1940-х гг.

Гэты дзеяч шмат у чым унікальны.Ён выступаў "супраць усіх", таму здолеў аб'яднаць варагуючыя беларускія групы ў агульнай нелюбові да сябе. Яго не любілі, яле ягоныя выданні можна знайсці бадай ва ўсіх асяродках беларусаў на Захадзе ад Аўстраліі да ЗША. Сяргей Хмара быў надзвычай працаздольны і актыўны. Ён фактычна аднаасобна цягам амаль 40 гадоў выдаваў свой "Беларускі голас" з зайздроснай перыядычнасцю, знаходзячы і сілы і прыцягваючы сродкі на гэта.


Яго называлі авантурнікам, раскольнікам, пляткаром і кім заўгодна. А ён з вар'яцкай упартасцю працягваў сваю справу, стварыўшы канадыйскі клуб этнічных журналістаў і кантактуючы з уладнымі коламі ад імя беларусаў Канады (хоць беларусы Канады яго і не ўпаўнаважвалі).


Сяргей Хмара (справа) з прэмьер-міністрам Канады Лестэрам Пірсанам.
Collapse )
звычайная

Сямейная гісторыя. Мой прадзед Міхал

У мяне так заўсёды, калі шмат працы, чамусьці хочацца займацца зусім іншым. Вось я і дабралася зноў да сямейных архіваў і вырашыла нарэшце пачаць іх апрацоўваць патрошачку, памятаючы прыклад свайго дзеда, які праз ўсё жыццё збіраўся напісаць сямейную гісторыю, але так і не напісаў... То тут першая частка маіх сямейных гісторыяў.

Мой прадзед Міхал Фядосавіч Арлоў
Ён нарадзіўся ў 1890 (або 1891) г. у в. Ахімкавічы (сёння Круглянскі р-н Магілёўскай вобл.) у сялянскай сям’і. Вядома, што меў як мінімум аднаго брата Ягора, у якога было каля дзевяці дочак.
У часе Першай сусветнай вайны прадзед Міхал быў у царскім войску. Як раз з гэтага часу захаваліся ягоныя здымкі.


1. Арлоў Міхал Фядосавіч. Кастрычнік 1914 г.

Collapse )

Міхал быў жанаты з Настассяй Навумаўнай Тоўба (Товба). Жылі ў Ахімкавічах і мелі трох сыноў: Уладзіміра (каля 1920 г.н.), Віктара (1922 г.н. – пам. 4.10.2002) і Леаніда (1924 (па дак. 1927) г. н. – пам. 1.01.2003).

23.03.1933 калгаснік Міхал быў асуджаны паседжаннем тройкі пры ПП ОГПУ па БССР нібыта за антысавецкую агітацыю і удзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі па арт. 72—76 УК БССР (58-10 і 58-11 УК РСФСР) на 10 гадоў выпраўленча-працоўных лагераў. Маёмасць была канфіскаваная на карысць калгаса.
Пасля гэтага пра яго нічога асабліва не ведалі, акрамя таго, што ён адбываў пакаранне недзе на Далёкім Усходзе.

Ужо ў 1990-х, калі мой дзед Віктар Міхайлавіч пачаў вышукваць звесткі пра бацьку, даведаліся, што ён быў рэабілітаваны яшчэ 27.02.1960 г. пастановай прэзідыюму Магілёўскага абласнога суду і справа супраць яго спыненая. Але сваякам пра гэта не паведамілі. Навошта ж…

Таксама ў 1990-х даведаліся, што прадзед Міхал памёр 12.02.1944 г. у Хабараўску. Афіцыйная прычына смерці: пелагра (дзіўнавата гучыць). Пахаваны на гарадскіх могілках у Хабараўску.
Такім чынам атрымалася, што ягоная жонка, што засталася адна з дзецьмі, памерла раней за яго (у 1943 г., здаецца, ад тыфусу).

У 1993 г. мой дзед Віктар Міхайлавіч дамогся ад уладаў пастановы пра кампенсацыю канфіскаванай у 1933 г. прадзедавай маёмасці. А паколькі дакладны памер канфіскаванага нідзе не быў зафіксаваны, дык дзед атрымаў кампенсацыю ў памеры 10 мінімальных заробкаў. Грошы былі няважныя, дзед проста пайшоў на прынцып.

Гіронія лёсу, у 1980-х мой бацька служыў на Далёкім Усходзе і неаднаразова быў у Хабараўску. Але тады ён не ведаў, што ягоны дзед пахаваны на тамтэйшых могілках. А пасля таго, як была атрыманая гэтая інфармацыя, у тыя краі са сваякоў ніхто ўжо не даехаў.

Маю надзею некалі ў будучыні з’ездзіць на Далёкі Ўсход на месцы майго дзяцінства. Спадзяюся завітаць і ў Хабараўск, каб пашукаць магілу прадзеда. А раптам адшукаю…