September 5th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў падзеях. 5 верасня. Беларускі крыж у Мідландзе, Канада

25 гадоў таму ў Святыні пакутнікаў у канадыйскім Мідландзе (Антарыё) адбылося урачыстае адкрыццё і высвячэнне Беларускага крыжа да 1000-годдзя хрысціянства.
Вось як ўзгадвала гэта Раіса Жук-Грышкевіч:

" На трэці дзень 18-ай Сустрэчы Беларусаў Паўночнае Амэрыкі, 5-га верасьня 1988 году, удзельнікі яе: з Бацькаўшчыны, Аўстраліі, Эўропы, ЗІПА й Канады - зрабілі паломніцтва ў прошчу, што каля Мідлянд, блізу 200 км. напоўнач ад Таронта, каб быць удзельнікамі ўрачыстасьці высьвячэньня Крыжа - беларускага Манумэнту - пастаўленага беларусамі для адзначэньня 1000 гадоў хрысьціянства ў Беларусі на славу Богу й Бацькаўшчыне-Беларусі.
Collapse )

Высвячэнне Крыжа 1000-годдзя хрысціянства ў Беларусі 5 верасня 1988 г. На здымку а. Аляксандр Надсан і Раіса Жук-Грышкевіч\

Ініцыятарымі ўсталявання сталі Вінцэнт і Расіса Жук-Грышкевічы, яны ж былі асноўнымі ахвярадаўцамі і распрацоўшчыкамі праекту. Каштавала ўсё больш за 6,5 тысячаў даляраў. Для Вінцэнта гэта была апошняя бадай справа ягонага жыцця, бо ён памёр хутка па адкрыцці помніка.


Ініцыятары усталявання Крыжа Вінцэнт і Раіса Жук Грышкевічы

Ад высвячэння амаль штогадова сталі ладзіцца адмысловыя пілігрымкі беларусаў Паўночнай Амерыкі да гэтага Крыжа. Праз колькі гадоў побач з'явіўся яшчэ і помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў.

Беларускія помнікі у Святыні пакутнікаў у Мідландзе

Такім чынам чвэрць стагоддзя таму на мапе свету з ініцыятывы беларусаў з'явілася яшчэ адно беларускае месца.
Больш падрабязна пра Крыж можна працытаць тут: http://zbsb.org/lib/index.php?option=com_alblib&view=article&id=163#274
звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 5 жніўня. Язэп Сажыч, Вера Багдан, Алесь Шацько

ЯЗЭП САЖЫЧ (05.09.1917, в. Гарадзечна (сёння Навагрудскі р-н Гарадзенскай вобл.) — 19.11.2007, Эн-Арбар, ЗША), вайсковы і грамадскі дзеяч. Вучыўся ў польскай пачатковай школе, Наваградскай беларускай гімназіі, а пасля яе закрыцця ў 1934 г. працягнуў навучанне ў польскай гімназіі імя А. Міцкевіча. Мабілізаваны ў польскае войска, скончыў афіцэрскую школу. У часе нямецка-польскае вайны трапіў у нямецкі палон, адкуль уцёк ва Украіну. У 1939—1941 гг. вучыўся ў Львове, пасля чаго вярнуўся ў Беларусь. Улетку 1942 г. прызначаны камендантам падафіцэрскай школы. У лютым 1943 г. у Лідзе арганізаваў і ўзначаліў Беларускі батальён чыгуначнай аховы. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі. Быў камендантам афіцэрскай школы 30-й (беларускай) дывізіі войск СС у Баварыі. Пасля вайны вучыўся ва ўніверсітэце Філіпа ў Марбургу (Заходняя Нямеччына). У 1950 г. выехаў у ЗША. Жыў у Дэтройце. Сябра БАЗА, актывіст Дэтройцкага аддзела арганізацыі. Ад 1953 г. сябра Рады БНР, сакратар у справах ветэранаў. У 1982—1997 гг. — старшыня Рады БНР.

Здаецца, ён адзіны Старшыня паваеннай Рады БНР, які прыязджаў у Беларусь у часе свайго старшынёўства. І добра, што ён не рэалізаваў ідэю перадачы ўлады БНР афіцыйным уладам у Менску.



ВЕРА БАГДАН (05.09.1931 – ?), грамадзкая дзяячка. Ад 03.06.1948 была сябрам ЗБВБ, у 1949 г. уваходзіла ў Галоўную управу арганізацыі. Пазьней перабралася ў Канаду.

АЛЯКСАНДАР ШАЦЬКО (05.09.1924 – ?), грамадзкі дзеяч. Паходзіў зь Нясьвіжу. Служыў у Арміі Андэрса, разам зь якой апынуўся ў Вялікабрытаніі. Жыў у Лёндане, быў сябрам ЗБВБ, а таксама сябрам ЗБК ад 1949 г. У 1950-х гг. выяжджаў вучыцца ў Лювэнскі ўнівэрсытэт у Бэльгію, але ня скончыў яго і вярнуўся ў Вялікабрытанію. Жыў у Беларускім доме, быў яго адміністратарам. У ЗБВБ часта абіраўся ў Галоўную ўправу, у 1958 і 1960 гг. займаў пасаду старшыні арганізацыі. У 1960-х гг. таксама абіраўся на пасаду старшыні Лёнданскага аддзелу ЗБВБ. Быў сакратаром Беларускай харытатыўнай сэкцыі. У 1970-х адышоў ад беларускай грамады, абарваўшы ўсе кантакты.