September 6th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў падзеях. 6 верасня. Помнік героям у Іст-Брансвіку

Паводле Хронікі Міколы Панькова, 6 верасня 1981 г. адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Помніка па Палеглых Беларускіх Героях на беларускіх могілках з парадам беларускіх вэтэранаў у Нью Брансьвіку. Насамрэч, гэты помнік быў высвячаны значна раней - у 1975 г. Але скарыстоўваю нагоду, каб згадаць пра яго.
Гэта цікавы вынік расколу беларускай эміграцыі. У 1974 г. у Нью-джэрсійскім Саўт-Рыверы быў урачыста адчынены помнік беларускім змагарам, ініцыяваны "БЦРаўцамі". Праз год аналагічны паводле ідэі помнік (вонкава адрозны) заснавалі ў зусім недалёкім Іст-Брансвіку прыхільнікі Рады БНР. У кожнай групоўкі атрымаўся свой помнік.


Помнік на могілках беларускай парафіі Жыровіцкай Божай Маці ў Іст-Брансвіку (штат Нью-Джэрсі, ЗША). Усталяваны і высвячаны ў 1975 г. Надпіс на помніку: “Тым, што змагаліся, каб жыла Беларусь”.
звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 6 жніўня. Петраш, Аляксандр Грыцук, Вера Калесніковіч, Гралеўскі

АЛЯКСАНДАР ПЕТРАШ (06.09.1926 – 1988). Нарадзіўся ў в. Кісялі Баранавіцкага павету. У часе нямецкай акупацыі служыў у паліцыі ў Баранавічах. Потым быў далучаны да 30-й грэнадэрскай дывізіі СС, разам зь якой апынуўся ў Францыі і трапіў у палон да саюзьнікаў. У 1945 г. добраахвотна ўступіў у 2-гі Польскі корпус. Ад 1946 г. жыў у Брытаніі. Ад 12.07.1947 быў сябрам ЗБВБ, аднак у часе падзеяў расколу далучыўся да апазыцыі і выйшаў з арганізацыі. У 1948 г. браў удзел у стварэньні аддзелу ХАБР у Лёндане, а ў 1949 г. ужо ўваходзіў ва ўправу акруговага цэнтру ХАБР у Ланкашыры, дзе выконваў абавязкі скарбніка. У 1952 г. пасьля спэцыяльнай падрыхтоўкі ў Брытаніі і Нямеччыне быў засланы на тэрыторыю Польшчы. Нягледзячы на тое, што польскія спэцслужбы даволі хутка выкрылі яго, здолеў выйсьці з-пад іх кантролю і вярнуцца ў Вялікабрытанію, дзе пасяліўся на сталае жыцьцё ў Брайтане. Стаў правобразам галоўнага героя кнігі Энтані Рычардсана “Няма дзе скласьці галаву” (Anthony Richardson. No Place to Lay My Head), выдадзенай у Лёндане ў 1957 г. У 1981 г. зноў уступіў у шэрагі ЗБВБ.

Як раз нядаўна трымала ў руках гэтую кнігу Рычардсана, шкадавала, што там апісаныя толькі ваенныя прыгоды героя. І адначасова падумалася, што калі б гэты тэкст нехта пераклаў і выдаў па-беларуску, гэта было б нечувана для нашага грамадства… Герой кнігі абсалютна свядома змагаецца з партызанамі як з ворагамі і атрымоўвае ад гэтага задавальненне…

АЛЯКСАНДАР ГРЫЦУК (нар. 6.09.1928). Нарадзіўся ў в. Дуброва (Рэчыцкі раён Гомельскай вобласьці) у сялянскай сям’і. Падчас нямецкай акупацыі пасьля забойства бацькі й спаленьні вёскі апынуўся ў лягеры Дахаў (Нямеччына), адкуль трапіў у Аўстрыю. Па капітуляцыі быў у лягеры Куфштайн (Аўстрыя), дзе ўдзельнічаў разам з братам — Паўлам Гузам — у заснаваньні беларускага скаўтынгу. У 1949 г. разам з маці й братавай сям’ёй прыехаў у Аўстралію. Пасяліўся ў Мэльбурне, дзе быў адным з заснавальнікаў беларускага скаўцкага зьвязу “Усяслаў Чарадзей”. Сябра Аддзелу Беларускага Аб’еднаньня ў Вікторыі. Дапамагаў у выданьні часопіса “Новае Жыцьцё” ў Мэльбурне. Удзельнічаў у фірме па будоўлі дамоў для беларусаў. Пазьней быў высьвечаны на сьвятарства япіскапам УАПЦ Данатам і на працягу 25 гадоў выконваў душпастырскія абавязкі. Адначасова належыў да Беларускага Цэнтральнага Камітэту й Камітэту Набыцьця Беларускага Дому (пазьней Каапэратыву), плаціў складкі ў Беларускі Нацыянальны Фонд. Сябра Беларускага Вызвольнага Фронту й Беларускага Сацыяльнага Клюбу.

Чалавек, якога ведаю асабіста, у хаце якога тыдзень жыла. Ён быў першым аўстралійскім беларусам, з якім я пазнаёмілася. Вельмі цікавы і вясёлы дзядзечка…


ВЕРА КАЛЕСЬНІКОВІЧ (дзяв. Арцямюк; нар. 6.09.1935). Нарадзілася ў в. Парцава Бельск-Падляскага павету (сёньня Падляшскае ваяводства, Польшча) у сялянскай сям’і. Скончыла сямігодку й вучылася на курсах, пасьля якіх працавала ў Беластоку на баваўнянай фабрыцы. На пачатку 60-х гадоў на запрашэньне сваякоў прыехала ў Сыднэй, адкуль перабралася ў Адэляйду. Тут пазнаёмілася з Уладзімерам Калесьніковічам, зь якім ў 1966 г. пабралася шлюбам. Некаторы час працавала на фабрыцы. Нарадзіла двух дзяцей. Брала актыўны удзел у жыцьці беларускай грамады ў Адэляйдзе — сьпявала ў хоры, дапамагала ў арганізацыі нацыянальных мерапрыемстваў беларускай парафіі сьвятых Апосталаў Пятра й Паўла і Беларускага Аб’еднаньня ў Паўднёвай Аўстраліі.
Адна з жанчын, з якімі запісвала інтэрв’ю. Яго можна прачытаць тут: http://zbsb.org/lib/index.php?option=com_alblib&view=article&id=145

<
Вера Калесніковіч у маладосці

ЯНКА ГРАЛЕЎСКІ (01.03.1912 – 06.09.1989), грамадзкі дзеяч. Нарадзіўся на Віленшчыне. Быў у 30-й грэнадэрскай дывізіі СС, перайшоў на бок саюзьнікаў, потым служыў у 2-м Польскім корпусе. Ад 09.09.1948 быў сябрам ЗБВБ, быў адным са стваральнікаў і неаднаразова абіраўся старшынём Кембрыдзкага аддзелу. Пазьней быў мужам даверу ЗБВБ у Кембрыджы і адным з заснавальнікаў парафіі БАПЦ у гэтым горадзе. Сябра ЗБК ад 1949 г., старшыня дружыны ЗБК. Пахаваны на New Market Road cemetery у Кембрыджы.