September 7th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 7 верасня. Леанід Карась

7 верасня 1954 г. у Мюнхене быў знойдзены забітым адзін з беларускіх супрацоўнікаў Радыё "Вызваленне" журналіст Леанід Карась. Гэта адна з шэрагу загадкавых (крымінальных) смерцяў беларусаў на Захадзе. У гэтым шэрагу можна згадаць мастака Аляксандра Раманоўскага, забітага ў Сіднэі, уладыку Васіля Тамашчыка з праламанаю галавою у Нью-Ёрку, можна згадаць самазабойцу Сцяпана Шнэка і іншых... З Леанідам Карасём, кажуць, усё было звязана як раз з працаю ў радыё і сцвярджаюць, што да гэтага мела дачыненне савецкая выведка. Афіцыйна забойцу не знайшлі. Небяспечная прафесія - беларускі журналіст.

ЛЕАНІД КАРАСЬ (20.11.1923, в. Дзямідзенкі Дзісенскага пав. — 07.09.1954, Мюнхен, Нямеччына), грамадскі дзеяч, журналіст. Працаваў настаўнікам. Ад лета 1944 г. апынуўся ў Нямеччыне. У беларускім лагеры ў Міхельсдорфе працаваў у лагернай ахове і вучыўся ў Беларускай гімназіі ім. Я. Купалы. Разам з іншымі сябрамі “Дванацаткі” ў 1948 г. як DP прыбыў у Вялікабрытанію. Працаваў у вугальных капальнях. Сябра ЗБВБ, Згуртавання беларускіх камбатантаў і БХАА “Жыццё”. У 1950 г. выехаў на навучанне ў Бельгію. Вучыўся на агранамічным факультэце Лювенскага ўніверсітэта. У пачатку 1954 г. пераехаў у Мюнхен, дзе працаваў у беларускай рэдакцыі радыё “Вызваленне”. Загінуў пры нявысветленых абставінах — цела з адзнакамі катаванняў знайшлі ў рацэ Ізар. Паводле адной з версіяў, да гэтага мела дачыненне савецкая выведка.


Леанід Карась. Лондан, 1948.


Дакументы, што меў пры сабе забіты Леанід Карась. Пашкоджаныя вадою пасведчанні перадалі ў архіў Скарынаўкі, дзе яны і захоўваюцца