September 9th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 10 верасня. Піліп Дзяхцяр

У гэты дзень у 1960 г. у англійскім Брадфардзе павесіўся 34-гадовы беларус, былы ўдзельнік вядомай "Дванаццаткі" Піліп Дзяхцяр. І вонкава ўсё выглядала нармалёва, і сям'я была, але піў, і вось чарговая спроба (яна была не першая) скончылася паспяхова. Я не надта схільная думаць, што эміграцыя стварае нейкія адмысловыя падставы для самагубстваў, хоць спецыяльных даследаванняў на гэты конт проста не шукала. Самагубствы з гэткай жа бадай перыядычнасцю адбываюцца і ў метраполіі. Відаць, гэта ад чалавека больш залежыць, як ад абставінаў...

ПІЛІП ДЗЯХЦЯР (28.09.1926 – 09.09.1960). Нарадзіўся ў в. Логавінцы Вялейскага пав. У паваеннай Нямеччыне вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Міхэльсдорфе. Разам зь іншымі сябрамі “Дванаццаткі” ў 1948 г. як DP прыбыў у Вялікабрытанію. Працаваў у вугальных капальнях. Ад 12.03.1948 сябра ЗБВБ, сябра ЗБК ад 1949 г. На навучаньне ў Бэльгію не паехаў, а застаўся ў Вялікабрытаніі. Пасяліўся ў Брадфардзе, дзе ажаніўся з італьянскай эмігранткай. Быў актывістам мясцовага аддзелу ЗБВБ, а таксама парафіі Сьв. Спаса БАПЦ. У 1957 г. узначальваў мясцовы аддзел брацтва і сястрыцтва Жыровіцкай Божай Маці. Скончыў жыцьцё самагубствам і пахаваны ў Брадфардзе.