September 11th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 11 верасня. Ражанец, Родзевіч.

АЛЯКСАНДАР РАЖАНЕЦ (афіц. дата нар. 11.09.1921). Нарадзіўся на Случчыне. Скончыў дзесяцігодку ў Слуцку. Потым паступіў у Менскі пэдагагічны інстытут. У 1940 г. быў прызваны ў Савецкую Армію, служыў у Беластоку. Пасьля пачатку нямецка-савецкай вайны вярнуўся ў Слуцк. Служыў у паліцыі. Летам 1944 г. быў далучаны да 30-й грэнадэрскай дывізіі СС, перайшоў на бок саюзьнікаў, затым служыў у 2-м Польскім корпусе ў Італіі. У 1946 г. прыбыў у Вялікабрытанію, працаваў ткачом. Жыў у Брадфардзе. Ад 20.01.1947 быў сябрам ЗБВБ, належыў да аддзелу ў Брадфардзе. У 1948 г. далучыўся да Камітэту беларускага сяброўства, удзельнічаў у выданьні часопіса “Патрыёт” іі быў выключаны з ЗБВБ. Далучыўся да ХАБР, аднак ужо ў 1951 г. вярнуўся ў шэрагі ЗБВБ. У 1954–1955 гг. быў сакратаром аддзелу ў Брадфардзе. Быў таксама сябрам ЗБК ад 1951 г. Пазьней перабраўся ў Лёндан, дзе жыве да сёньня.

У 2010 г. бачыла яго на прэзентацыі маёй кнігі. Быў ужо слабы вельмі. Не ведаю, ці яшчэ жыве.



УСЕВАЛАД РОДЗЕВІЧ (11.09.1916, Піншчына — 17.07.1998, Сіднэй, Аўстралія), грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага вайсковага святара. Вучыўся ў Гандлёвай акадэміі ў Львове. У 1939 г. быў мабілізаваны ў польскую армію, трапіў у палон. Пазней утрымліваўся ў канцэнтрацыйным лагеры ў Трыры, адкуль здолеў вырвацца. У 1944 г. — ад’ютант прэзідэнта БЦР Р. Астроўскага, лейтэнант БКА, удзельнік Другога Усебеларускага кангрэсу. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі. Спачатку быў у Нямеччыне, у Мюнхене. У 1949 г. выехаў у Аўстралію. Жыў у Сіднэі, дзе браў удзел у жыцці беларускай дыяспары. Быў сябрам Беларускага аб’яднання ў Аўстраліі. Пазней удзельнічаў у нацыянальных мерапрыемствах, ладжаных Беларускім культурна-грамадскім клубам.

У Сіднэі сустракалася з ягонай сястрой Галінай Падгайскай. Цікавая жанчына. Інтэрв'ю з ёй можна пачытаць тут: http://zbsb.org/lib/index.php?option=com_alblib&view=article&id=136