September 15th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 15 верасня. Залога, Зарэчны, Суравы

МІКОЛА ЗАЛОГА (нар. 15.09.1924), грамадзкі дзеяч. Паходзіць зь Берасьцейшчыны. У часе Другой сусьветнай вайны служыў у беларускай паліцыі ў Косаве. Летам 1944 г. быў далучаны да 30-й грэнадэрскай дывізіі СС, перайшоў на бок саюзьнікаў, затым служыў у 2-м Польскім корпусе. У Вялікабрытаніі з 1946 г., пасяліўся ў Лёндане. Ад 07.12.1946 быў сябрам Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі, аднак далучыўся да апазыцыі і ад 1948 г. стаў сябрам Хрысьціянскага аб'еднаньня беларускіх работнікаў. Быў сакратаром Лёнданскага акруговага цэнтру арганізацыі. Пазьней стаў сябрам Беларускага вызвольнага фронту, быў кіраўніком лёнданскага Цэнтру арганізацыі, уваходзіў у кіраўніцтва Краёвага штабу БВФ у Вялікабрытаніі. Быў аўтарам тэкстаў у арганізацыйным часопісе “Барацьба” (Нямеччына). Стаў сябрам парафіі Сьв. Эўфрасіньні Полацкай у Лёндане, сябрам царкоўнага камітэту.

Сустракалася з Міколам Залогам у 2005 г. і гэтае спатканне было вельмі запамінальнае. Ён з ахвотаю распавядаў пра часы вайны, пра службу ў войску і ніяк не хацеў пераходзіць да жыцця ў Брытаніі, што мяне найбольш цікавіла :)


Здымак зроблены ў часе нашага адзінага спаткання з Міколам Залогам у ягонай лонданскай кватэры ў 2005 г.

ЛЮДВІК ЗАРЭЧНЫ (сапр. Галубовіч, 17.05.1915, Ратамка пад Мінскам — 15.09.1964, Мюнхен-Гладбах, Нямеччына), вайсковы і грамадскі дзеяч. Праз хваробу бацькі мусіў кінуць школу і ў 16 гадоў пайсці працаваць. Уладкаваўся на сакратарскую працу ў трэсце “ЛесБел”. Пазней, магчыма, працаваў у іншых установах цягам чатырох гадоў. Атрымаць вышэйшую адукацыю не паспеў. У 1935 г. быў асуджаны на шэсць гадоў зняволення, аднак праз пяць гадоў вызвалены і працаваў у Хабараўску. У Беларусь вярнуўся ў 1941 г. і хутка быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Трапіў у нямецкі палон, з якога быў вызвалены ўвесну 1942 г. Працаваў у структуры Вермахту. Займаў становішча інспектара пры 9-й Арміі па наглядзе за дзейнасцю мясцовых аддзелаў паліцыі, а таксама працаваў на іншых пасадах. Пасля капітуляцыі Нямеччыны больш за два гады знаходзіўся пад арыштам. Аднак па вызваленні навязаў кантакты з Брытанскай адміністрацыяй у Нямеччыне і ў 1949—1953 гг. працаваў у сістэме Брытанскай кантрольнай камісіі на Нямеччыну на становішчы дарадчыка па пытаннях савецкай сістэмы і яе органаў. Здолеў зацікавіць Брытанскую выведку справай арганізацыі беларускага збройнага супраціву ў БССР, ладзіў навучанне дыверсійных групаў. У 1952 г. пры падтрымцы Р. Астроўскага заснаваў арганізацыю беларускіх вайскоўцаў на эміграцыі Беларускі вызвольны рух, які дэклараваў сваю цесную сувязь з антысавецкім падполлем у Беларусі. У 1955 г. адышоў ад справаў арганізацыі і беларускага жыцця наогул. Праз некаторы час стаў падпісвацца як “ксёндз Людвік Тытулярны Пастар Копыльскага Рэфармаванага Каталіцкага Кальвінскага Касьцёлу”.

Людвік Зарэчны - адзін з маіх улюбёных герояў на эміграцыі, бо авантурнік, пра якога хацелася б ведаць болей. У мінулым нумары Запісаў зрабіла тэкст, заснаваны на ягоным ліставанні з Дзмітрыем Касмовічам.

БАРЫС СУРАВЫ (15.09.1907 – сьнежань 1998), грамадзкі дзеяч. Паходзіў са Стаўпеччыны. Скончыў Віленскі ўнівэрсытэт. Падчас нямецкай акупацыі працаваў школьным інспэктарам, быў кіраўніком СБМ на Слонімскую акругу. Улетку 1944 г. выехаў у Нямеччыну, адкуль перабраўся ў Вялікабрытанію, жыў у Лёндане. Ад 01.09.1947 г. быў сябрам ЗБВБ, але за падтрымку апазыцыі пазбаўлены сяброўства. 15.03.1948 увайшоў у Часовую ўправу ХАБР (віцэ-старшыня), а таксама ў рэдакцыю часопіса “Аб’еднаньне” (пісаў пад псэўданімам Старшы Праваднік). У сьнежні 1948 г. быў абраны старшынём Галоўнай управы ХАБР. На гэтую пасаду абіраўся некалькі разоў (быў старшынём у 1948–1950 гг. і 1954–1966 гг., да зьнікненьня арганізацыі). У 1948–1953 гг. быў кіраўніком Прадстаўніцтва БЦР у Вялікабрытаніі. У 1960–1980-я гг. удзельнічаў у жыцьці лёнданскай парафіі Сьв. Эўфрасіньні Полацкай. Пры канцы жыцьця быў паралізаваны. Памёр у Лёндане.