September 17th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 17 верасня. Павал Навара

ПАВАЛ НАВАРА (17.09.1927 – 24.05.1983), грамадзкі дзеяч. Нарадзіўся ў в. Купіск (сёньня Наваградзкі р-н Гарадзенскай вобл.). У 1942–1944 гг. вучыўся ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі. Зь вясны 1944 г. быў курсантам Менскай афіцэрскай школы БКА, разам зь якой быў далучаны да 30-й грэнадэрскай дывізіі СС. У верасьні 1944 г. разам з калегамі здаўся ў палон амэрыканцам ля в. Клэрваль (Францыя) і пазьней далучыўся да 2-га Польскага корпусу. Па сканчэньні падафіцэрскай школы ў Сан-Базыліё на поўдні Італіі браў удзел у баявых дзеяньнях на поўначы Апэнінаў. У жніўні 1946 г. прыбыў у Вялікабрытанію, дзе стаў адным з заснавальнікаў ЗБВБ і рэгулярна абіраўся ў Галоўную ўправу арганізацыі. Быў таксама сябрам ЗБК ад 1949 г. і БХАА “Жыцьцё” ад 1948 г. У 1952 г. скончыў факультэт матэматыкі, хіміі і фізыкі Лёнданскага ўнівэрсытэту. Працаваў хімікам у лёнданскіх лябараторыях. У 1954 г. быў адным зь ініцыятараў стварэньня Англа-беларускага таварыства. У Галоўнай управе ЗБВБ часта абіраўся на пасаду струшыні, а таксама доўгі час ў 1970-х быў сакратаром арганізацыі. Памёр і пахаваны ў Лёндане на St. Pancras cemetery.

Павал Навара з'яўляецца аўтарам цікавых успамінаў, што друкаваліся на старонках лонданскага часопіса "Голас часу". Здаецца, яны меліся выйсці і асобным кніжным выданнем у Беларусі. Калі хто ведае пра гэта, або нават мае асобнік - падзяліцеся. калі ласка, інфармацыяй.