September 25th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 25 верасня. Міхась Маскалік, Аўген Смаршчок, Язэп Балабановіч

МІХАСЬ МАСКАЛІК (18.03.1903, Гарадзея — 25.09.1965, Гільдэсгайм, Нямеччына), каталіцкі святар усходняга абраду, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч. У 1927—1931 гг. вучыўся ў Віленскім універсітэце. Пазней вучыўся ў Берліне ў Тэхнічнай школе разам. Праз 2 гады пакінуў палітэхніку і да 1938 г. вывучаў тэалогію ў Мюнхене. У 1933 г. заснаваў “Саюз беларускіх студэнтаў у Нямеччыне”. 17 ліпеня 1938 г. атрымаў святарскія свячэнні. У гады вайны выконваў святарскія абавязкі сярод беларускіх і ўкраінскіх ваеннапалонных польскай арміі ў Баварыі. У выніку непаразумення ў 1943 г. быў арыштаваны, некалькі месяцаў правёў у канцлагеры Заксэнхаўзэн. Вызвалены дзякуючы намаганьням Папскай місіі ў Нямеччыне. Кароткі час працаваў пры Візітатуры ў Берліне. Пазней праводзіў душпастырскую дзейнасць у г. Гільдэсгайм.У пасляваенны час стала жыў у Госляры. Ініцыятар заснавання і кіраўнік Беларускай харытатыўнай службы, якая дапамагала беларускім і ўкраінскім бежанцам у Нямеччыне. Праводзіў душпастырскую дзейнасьць у парафіях Радэрборн, Оснабрук і Гільдэсгайм. У 1959 г. у Мюнхенскім універсітэце абараніў доктарскую дысертацыю па беларускай літаратуры: “Янка Купала — пясняр беларускага народу” (Janka Kupala. Der Saenger des weissruthenischen Volkstum. München. 1961) была выдадзена на нямецкай мове ў 1961 г. як манаграфія.

Беларуская царква ў Віндышбергердорфе. Айцец Міхась Маскалік з вернікамі.

АЎГЕН СМАРШЧОК (25.09.1914, м. Зэльва Слонімскага пав. Гарадзенскай губ., сёньня райцэнтар Гарадзенскай вобл. — 05.10.1984), сьвятар, пэдагог, перакладчык. Скончыў Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю (1934), настаўнічаў. У 1939 г. мабілізаваны ў войска, браў удзел у абароне Варшавы, трапіў у палон. У 1940 г. вызвалены. Працаваў на фабрыцы ў Бэрліне, вучыўся ў Бэрлінскім унівэрсытэце (псыхалёгія). У 1950 г. скончыў факультэт псыхалёгіі і філязофіі Філіпс-унівэрсытэту ў Марбургу. 3-га верасьня 1950 г. рукапаложаны ў ярэя БАПЦ ды пераехаў у Лювэн (Бэльгія) для абслугоўваньня рэлігійных патрэбаў мясцовых беларусаў, заклаў парафію БАПЦ. Абслугоўваў ня толькі беларусаў, але і праваслаўных украінцаў, грэкаў, сербаў, расейцаў, праваслаўныя парафіі ў вугальных шахтах у Лімбургу, выяжджаў у Францыю. У 1955 г. скончыў Лювэнскі ўнівэрсытэт са ступеньню магістар псыхалёгіі і фізязофіі. У 1960-х навучаўся ў Вольным Інстытуце Філялёгіі і Гісторыі Ўсходніх Славянаў Брусэльскага Ўнівэрсытэту, атрымаў ступень магістра славістыкі. У 1965—1980 гг. выкладаў расейскую мову ў Вышэйшай Флямандзкай Школе перакладчыкаў у Антвэрпэне. Зь ягонай сьмерцю праваслаўнае жыцьцё ў Бэльгіі фактычна спынілася.


Айцец Аўген Смаршчок у царкве.

ЯЗЭП БАЛАБАНОВІЧ (25.09.1920 –?). Нарадзіўся ў в. Сіняўская Слабада (сёньня Карэліцкі р-н Гарадзенскай вобл.). Падчас нямецкай акупацыі служыў у паліцыі, разам з фармаваньнямі якой ўлетку 1944 г. быў далучаны да 30-й грэнадэрскай дывізіі СС, перайшоў на бок саюзьнікаў, затым служыў у 2-м Польскім корпусе. Ад 25.01.1947 быў сябрам ЗБВБ, аднак далучыўся да апазыцыі і ад 1948 г. належыў да ХАБР. Быў вядомым баксёрам. У 1950-х гг. пераехаў у Канаду.