September 27th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 27 верасня. Сымон Кандыбовіч

СЫМОН (СЯМЁН) КАНДЫБОВІЧ (на эміграцыі Кабыш, 21.07.1891, в. Старыца (сёння Капыльскі раён) — 27 (або 17).09. 1972(ці 1971), Мюнхен), грамадскі дзеяч. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, у 1917—1917 г. служыў у расійскай арміі, у 1922 г. – старшыня валаснога выканкама ў Бабруйскім павеце, дэлегат IV Усебеларускага з’езда саветаў, з 1926 г. — член кампартыі. Быў старшынём райвыканкама, загадчыкам акруговага фінансавага аддзела, акруговым інспектарам народнай асветы ў Гомелі. У 1931—1933 гг. — кіраўнік справаў Саўнаркама БССР, у 1935 г. – начальнік нарыхтовак упаўнаважанага Наркамхарчпрама СССР пры СНК БССР. У 1940 г. арыштаваны. Падчас нямецкай акупацыі займаў пасаду кіраўніка беларускай секцыі Цэнтральнай гандлёвай арганізацыі, якая займалася арганізацыяй паставак у Нямеччыну. 24 студзеня 1944 г. уключаны ў склад прэзідыума БЦР, узначальваў агульна-адміністрацыйны аддзел, затым — аддзел фінансаў. Ад 30 чэрвеня 1944 г. — на эміграцыі. Браў удзел у Пленуме БЦР 23 верасня 1945 г., на якім было прынята рашэнне аб прыпыненні яе дзейнасці. Ад 1954 г. працаваў у беларускай секцыі Радыё Вызваленне, ад 1963 г. — у Інстытуце вывучэння СССР у Мюнхене. Даследаваў пытанні эканамічнай гісторыі, аўтар працы “Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі” (выйшла ў Мінску ў 2000 г., паглядзець кнігу можна тут: http://kamunikat.org/usie_knihi.html?pubid=3658) Ад 1956 г. Кандыбовіч быў рэферэнтам Сакратарыята Рады БНР па пытаннях народнай гаспадаркі. Цесць беларускага пісьменніка Янкі Юхнаўца.

Цікавы казус, у выдадзенай у Менску кнізе дата смерці Кандыбовіча пазначана 27 верасня 1972 г., а на помніку пазначана 17 верасня 1971 г.. Відаць трэба выпраўляць памылку ў біяграме...