September 28th, 2012

звычайная

Прэзентацыя кнігі паэзіі Янкі Юхнаўца (1921-2004)

3 кастрычніка 2012 г. а 19.00 у Галерэі "Ў" адбудзецца прэзентацыя кнігі арыгінальнага беларускага эміграцыйнага творцы Янкі Юхнаўца "Паэзія", што пабачыла свет сёлета ў выдавецтве "Лімарыус".

У прэзентацыі возьмуць удзел асобы, што былі  знаёмыя з літаратарам:
Генадзь Бураўкін,
Уладзімір Арлоў,
Зміцер Саўка.

Уваход вольны. Запрашаюцца ўсе зацікаўленыя.

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 28 верасня. Юліяна Вітан-Дубейкаўская

ЮЛІЯНА ВІТАН-ДУБЕЙКАЎСКАЯ (дзявоч. Менке, псеўд. Кветка Вітан;12.12.1886, Вільня — 28.09.1969, Нюрнберг, Нямеччына), грамадская дзяячка, мастацтвазнаўца, педагог, мемуарыстка. Паходзіла з сям'і віленскіх немцаў, вучылася ў прыватнай гімназіі, дзе пазнаёмілася з А. Пашкевіч. Ад 1907 г. жыла ў Пецярбургу, у 1914 г. здала дзяржаўныя экзамэны пры Пецярбурскім універсітэце на гісторыка-філалагічным аддзеле. У 1915 г. пасля вяртання ў Вільню сустрэлася з Іванам Луцкевічам, пачала працу ў віленскім Беларускім камітэце. Брала ўдзел у адкрыцці першай пачатковай беларускай школы, беларускіх настаўніцкіх курсаў і Віленскай беларускай гімназіі, дзе потым выкладала нямецкую мову і педагогіку. У 1922 г. стала жонкаю вядомага беларускага дзеяча Лявона Вітан-Дубейкаўскага, які памёр у 1940 г. 6 сакавiка 1941 г. Юлiяна разам з сваякамі выехала ў Нямеччыну. Спачатку жыла ў лагеры для перасяленцаў, потым была накiравана ў Берлін, дзе працавала перакладчыцай у Беларускiм аддзеле Мiнiстэрства для патрэбаў вайны. Пасля 1945 г. зарабляла на жыццё лекцыямi. У вераснi 1947 г. ад'ехала ў Заходнюю Нямеччыну ў Малерсдорф да пляменнiцы, а ў красавiку 1951 г. — у Нюрнберг. Аўтарка шэрагу ўспамiнаў пра дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, пра сябе i сваякоў. Так, напісала прысвечаную Івану Луцкевічу кнігу “Мае ўспаміны” (выдадзена ў 1994 у Вільні з прадмоваю Лявона Луцкевіча, стала асноваю для спектаклю “Віленскія мроі”, пастаноўка Галіны Дзягілевай у тэатры аднаго актора “Зніч”). У 1954 г. у Нью-Ёрку пабачыла свет кніга “Лявон Вітан-Дубейкаўскі”, якую Юліяна выдала пад псеўданімам Кветка Вітан.

У канадыйскім нацыянальным архіве ў фондзе Раісы Жук-Грышкевіч знайшла лісты Юліяны Вітан-Дубейкаўскай. Надзвычай цікавыя. Падрыхтавала іх для публікацыі. Спадзяюся, сёлета выйдуць у зборніку памяці Віталя Скалабана.


Юліяна Вітан-Дубейкаўская. Нюрнберг, 1958 г.

Магіла Юліяны Вітан-Дубейкаўскай