September 29th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 29 верасня. Дзмітры Сямёнаў

ДЗМІТРЫ СЯМЁНАЎ (11.06.1926 Менск — 29.09.1982, Нью-Ёрк), грамадскі дзеяч. Ягоныя бацькі, Аляксандр і Алёна з Турцэвічаў, былі эканамістамі з вышэйшаю асветаю. Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў фельчарскай школе і працаваў у Краязнаўчым (Гістарычным) музеі (пад кіраўніцтвам Антона Шукелойця). Ад 1944 г. — на эміграцыі. Спачатку быў у Нямеччыне, дзе ўдзельнічаў у беларускім скаўтынгу, пазней выехаў у ЗША. Вывучаў паліталогію ў Ратгерскім універсітэце, штат Нью-Джэрсі, але ж працаваў хімікам.

Дзмітры Сямёнаў ў 1943—1947 гг. вёў цікавы дзённік, які быў нядаўна знойдзены, дзякуючы ягонай дачцы Раіне, і зараз рыхтуецца да друку ў Менскі. У ім штодзённае жыццё падлетка ў акупаваным Менску, выезд на Захад улетку 1944 г., бадзянні на Берліне ды лагерах для ўцекачоў у Нямеччыне. Дзённік выйдзе ў Бібліятэцы часопіса “Беларускі гістарычны агляд”.