October 1st, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 1 кастрычніка. Васіль Кендыш, Павал Вялікі

Гэты дзень звязаны з імёнамі двух праваслаўных святароў на эміграцыі, праўда, з розных юрысдыкцый.

ВАСІЛЬ КЕНДЫШ (16.03.1908, в. Чарапы, Нясвіжскі пав. — 01.10.2003, Спрынгфілд, ЗША), грамадскі і рэлігійны дзеяч. У 1929 г. скончыў Клецкую беларускую гімназію. Вучыўся ў Найвышэйшай тэхнічнай школе ў Вільні. Працаваў меліяратарам, арганізоўваў беларускія драматычныя гурткі. У 1939—1941 гг. настаўнічаў. Скончыў Настаўніцкі інстытут у Беластоку. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у беларускай адміністрацыі ў Баранавічах, Нясвіжы, Клецку. Ад лета 1944 г. – на эміграцыі. Жыў у лагерах DP у Нямеччыне. Быў сябрам Белерускага нацыянальнага камітэта на амерыканскую зону акупацыі. Актыўны ўдзельнік аднаўлення БАПЦ. Увесну 1949 г. выехаў у ЗША, жыў у Спрынгфілдзе. Радны БНР. Сябра БАЗА, ад 1953 г. — старшыня Спрынгфілдскага аддзела арганізацыі. 10 студзеня 1968 г. у Гайленд-Парку (Нью-Джэрсі) прыняў святарскі сан. Служыў у парафіях БАПЦ у Гайленд Парку (да 1973 г.) і ў Брукліне (да 1981 г.). У 1972 г. быў абраны сакратаром Кансісторыі БАПЦ. У 1990 г. выйшаў на заслужаны адпачынак.


а. Васіль Кендыш

ПАВАЛ ВЯЛІКІ (нар. 01.10.1925), рэлігійны дзеяч. Нарадзіўся ў в. Леніна (сёньня Лунінецкі р-н Берасьцейскай вобл.). Потым разам з бацькамі жыў у Мікашэвічах. У 1940 г. сям’я вывезена ў Сыбір. У 1942 г. уступіў у 2-гі Польскі корпус, разам зь якім прайшоў праз Іран, Палестыну, Эгіпет, браў удзел у ваенных дзеяньнях у Італіі, бітве за Монтэ-Касіна. У 1947 г. дэмабілізаваўся ў Вялікабрытаніі. Быў сябрам ХАБР. У 1957 г. быў пасьвячоны на дыякана, 23.04.1967 атрымаў сьвятарскія сьвячэньні. Належыў да юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярха. Ад 1967 г. быў настаяцелем парафіі Сьв. Эўфрасіньні Полацкай у Лёндане, рэгулярна служыў у Сток-он-Трэнце, Сьвіндане, Манчэстэры. У красавіку 1973 г. перабраўся ў Канаду, дзе да 1998 г. служыў у праваслаўнай царкве Сьв. Эўфрасіньні Полацкай у Таронта. У 1993 г. на запрашэньне мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта наведваў Беларусь. Ад 1998 г. – на пэнсіі. Жыве ў Бэры (Антарыё, Канада).