October 2nd, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 2 кастрычніка. Сяргей Ахатэнка, Тамаш Падзява

І яшчэ адзін дзень звязан з імёнамі двух рэлігійных асобаў беларускай эміграцыі, гэтым разам праваслаўнага і каталіка.

СЯРГЕЙ (сапр. Ягор Ахатэнка (12.03.1890 — 02.10.1971), рэлігійны дзеяч, архіяпіскап, глава БАПЦ. Нарадзіўся ў в. Малыя Гарошкі ў Жытомірскім павеце (Украіна) у сялянскай сям’і. У 1911 — 1921 гг. — у Богаяўленскім манастыры ў Жытоміры, дзе ў 1919 г. прыняў манаскі сан. У 1925 г. высьвечаны на субдыякана, а ў 1932 г. — архімандрыта. Працаваў у праваслаўных парафіях ва Ўкраіне, пакуль ў 1937 г. ня быў арыштаваны савецкімі ўладамі. Вызвалены ў 1941 г. На Кіраваградзкім катэдральным саборы (1.08.1943) высьвячаны ў япіскапы. Ад лета 1944 г. — у Нямеччыне. Удзельнік Першага сабору БАПЦ 4-5.06.1948 г. у Канстанцы, на якім быў прызнаны архіяпіскапам і ўвайшоў у Часовую Раду БАПЦ. У 1950 г. перабраўся ў Аўстралію. Кіраўнік БАПЦ на Аўстралію й Новую Зэляндыю. Да 1957 г. жыў у Сыднэі. Потым перабраўся ў Пэрт, дзе прычыніўся да збору сродкаў на пабудову беларускай царквы, а пазьней — у Адэляйду, дзе абслугоўваў некалькі грэцкіх парафіяў. Пахаваны на грэцкіх могілках у Адэляйдзе паводле грэцкага абраду (седзячы).


Архіяпіскап Сяргей
Collapse )
ТАМАШ ПАДЗЯВА (06.02.1906 – 02.10.1975). Нарадзіўся ў в. Перхулёва Друйскай парафіі. У 1926 г. уступіў у навіцыят марыянаў у Друі. У 1929 г. скончыў гімназію і выехаў на навучаньне ў Рым. У 1931 г. атрымаў ступень доктара філязофіі, а ў 1935 г. – ліцэнцыята тэалёгіі. 23 сьнежня 1934 г. атрымаў сьвятарскія сьвячэньні. У 1935 г. выехаў у Харбін, дзе быў выхавальнікам у ліцэі Сьв. Мікалая, а таксама выкладчыкам рэлігіі. Публікаваўся у “Каталіцкім Весьніку”. У 1938–1939 гг. быў магістрам навіцыяту. У 1948 г. разам зь іншымі сьвятарамі быў схоплены кітайскімі жаўнерамі, перададзены НКУС і вывезены ў турму ў Чыце. Асуджаны на 25 гадоў лягераў. Пакараньне адбываў у Тайшэтлягу. У 1955 г. быў вызвалены, атрымаў магчымасьць выехаць у Польшчу, дзе нейкі час выкладаў у сэмінарыі, актыўна друкаваўся. У 1969 г. выехаў у Рым, а адтуль у Лёндан пад апеку біскупа Часлава Сіповіча. Шмат друкаваўся на старонках часопіса “Божым Шляхам”. Памёр і пахаваны ў Лёндане на St. Pancras cemetery.


Тамаш Падзява

Магіла Тамаша Падзявы ў Лодане.