October 3rd, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 3 кастрычніка. Кастусь Варэнік, Пётра Зыбайла

КАСТУСЬ ВАРЭНІК (01.06.1917–03.10.2002), грамадзкі дзеяч. Жыў у Манчэстэры. Быў сябрам ЗБВБ. Ад 1949 г. і да часу набыцьця Беларускага дому ў яго хаце месьцілася канцылярыя мясцовага аддзелу ЗБВБ, а таксама Беларускі клюб. Пазьней быў актыўным удзельнікам стварэньня і сябрам Беларускага клюбу ў Беларускім доме ў Манчэстэры, рэгулярна даваў пазыкі на яго рамонт. Памёр і пахаваны ў Манчэстэры на Southern cemetery.



ПЁТРА ЗЫБАЙЛА (10.10.1911, в. Яблонка, сёньня Івацэвіцкі р-н Берасьцейскай вобл. – 03.10.1998), грамадзкі дзеяч. У 1950-я — актывіст БАЗА й прыходу сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне. У 1965 г. разам зь Мерляком пакінуў шэрагі БАЗА й заснаваў БАА ў штаце Нью-Ёрк, а ў 1968 г. — адзін з ініцыятараў паўстаньня прыходу сьв. Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гіле. Ад 1969 г. браў удзел у кангрэсах беларусаў Амэрыкі, уваходзіў ва ўправу БККА. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рывэры.
звычайная

Прэзентацыя кнігі паэзіі Янкі Юхнаўца (1921-2004) адбылася

Сёння, 3 кастрычніка, у Кнігарні Галерэі "Ў" адбылася прэзентацыя кнігі эміграцыйнага паэта і пісьменніка Янкі Юхнаўца "Паэзія", што нядаўна пабачыла свет ў серыі "Галасы Айчыны" выдавецтва "Лімарыус".

Ва ўтульнай невялікай залі сабралося каля 30 чалавек. Вяла прэзентацыю я сама, паколькі маю непасрэднае дачыненне да выдання гэтай кнігі. Спачатку я распавяла пра аўтара, ягоны жыццёвы ды творчы шлях, ды гісторыю з'яўлення самой кнігі, укладзенай беларускім архівістам і літаратуразнаўцам з ЗША Лявонам Юрэвічам. Апошні добра ведаў Янку Юхнаўца і мэтанакіравана збіраў ягоную спадчыну.

Далей выступаў Генадзь Бураўкін, які пазнаёміўся з эміграцыйным літаратарам у часе свайго побыту ў ЗША у якасці прадстаўніка Беларусі ў ААН. Ён падзяліўся сваімі ўспамінамі-ўражаннямі ад спатканняў з Янкам Юхнаўцом, казаў пра тое, што гэтае знаёмства пачалося з таго, як высветлілася, нібыта сваяк Юхнаўца працаваў на нейкай міністэрскай пасадзе ў БССР, і пісьменнік не хацеў гэта афішаваць, каб не нашкодзьць нікому. Генадзь Бураўкін дзяліўся ўражаннямі, ад творчасці літаратара, казаў, што ў ягонай мове шмат незразумелага, але гэта атрымоўвалася ў Юхнаўца зусім натуральна, бо ён нічога адмыслова не выдумляў, ён так жыў, так думаў. Таксама было сцверджана, што сам Юхнавец наўрадці б паверыў, што магчымае будзе вось гэткае выданне, і што насамрэч выданне вельмі важнае для беларускай літаратуры.


Collapse )
Агульнае ўражанне ад прэзентацыі засталося вельмі пазітыўным. Цікавыя аповеды, вершы, сяброўская атмасфера. Шкада толькі, што не было прафесійных фатографаў, таму я сама мусіла рабіць хоць нейкія здымкі, каб засталася памяць пра падзею.
Мне здаецца, што сам Янка Юхнавец парадаваўся б такой прэзентацыі. Шчыра дзякую ўсім удзельнікам.