October 4th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 4 кастрычніка. Язэп Гладкі, Часлаў Сіповіч

ЯЗЭП ГЛАДКІ (псеўданім Адам Варлыга, 04.10.1890, в. Міхалкавічы Барысаўскага пав. Менскай губ. (сёння Лагойскі р-н Мінскай вобл.) — 28.07.1972, Нью Ёрк), грамадскі дзеяч, педагог, выдавец, этнограф, мовазнаўца. У 1912 г. быў мабілізаваны ў царскае войска. Па сканчэнні фельчарскай школы браў удзел у ваенных дзеяннях часоў першай сусветнай вайны. Кавалер трох Георгіеўскіх крыжоў. Браў удзел у Першым з’ездзе беларускіх вайскоўцаў і Першым Усебеларускім кангрэсе. Ад 1921 г. актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі беларускага школьніцтва на Лагойшчыне, дзе настаўнічаў да 1930 г, калі быў звольнены з працы. Каб пазбегнуць рэпрэсіяў, перабраўся ў Менск, дзе ў 1936 г. скончыў Вышэйшы педагагічны інстытут і працаваў у Інстытуце школьнай педагогікі пры Наркамаце асветы. У 1941 г. вярнуўся настаўнічаць у родную вёску, аднак у 1943 г. ратуючыся ад партызанаў зноў прыехаў у Менск, дзе працаваў у выдавецтве школьных падручнікаў. Ад 1944 г. — у Нямеччыне. У лагерах ДП настаўнічаў ды займаўся выданьнем падручнікаў (каля 10 кніг), для чаго на ўласныя грошы заклаў выдавецтва «Заранка». Пазней перабраўся ў ЗША, дзе працягваў выдавецкую дзейнасьць, аднавіўшы выдавецтва «Заранка». Сябра БІНіМ. Аўтар прац «Прыказкі Лагойшчыны» (Мюнхэн, 1966), «Краёвы слоўнік Лагойшчыны» (Нью Ёрк, 1970), а таксама грунтоўных ўспамінаў «Чутае—бачанае—перажытае» (рукапіс). Выкладаў беларускую мову на беларусаведных курсах у Нью-Ёрку.

Надзвычай цікавыя ўспаміны Язэпа Гладкага яшчэ чакаюць свайго выдання.


Язэп Гладкі
Collapse )
ЧАСЛАЎ СІПОВІЧ (08.12.1914, в. Дзедзінка (сёння Міёрскі р-н Віцебскай вобл.) — 04.10.1981, Лондан, Вялікабрытанія), рэлігійны дзеяч, біскуп. Вучыўся ў Друйскай гімназіі. У 1934 г. пастрыжаны ў манахі. Вучыўся на факультэце філасофіі і тэалогіі ў Віленскім універсітэце. У 1938—1947 гг. жыў у Рыме, дзе скончыў Папскі грыгарыянскі ўніверсітэт і Папскі ўсходні інстытут. У 1944—1946 гг. апекаваўся беларускімі жаўнерамі Арміі Андэрса, раскватараванымі па ўсёй Апенінскай паўвыспе. Праводзіў сярод іх дабрачынную і асветніцкую працу. У 1947 г. прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі візантыйска-славянскага абраду ў Вялікабрытаніі. 9 красавіка 1947 г. прыбыў у Лондан. Быў сябрам Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, у 1948 г. абіраўся на пасаду скарбніка арганізацыі. У 1948 г. стаў адным з ініцыятараў стварэння БХАА “Жыццё”, а пазней — БАКА “Рунь”. 4 жніўня 1960 г. пасвечаны на біскупа, пазней быў прызначаны апостальскім візітатарам для беларусаў за мяжой. У ліпені 1963 г. прызначаны генералам ордэна марыянаў, на гэтай пасадзе заставаўся да 1969 г. У Марыян Хаўз заснаваў кляштар беларускіх марыянаў. Фактычна быў заснавальнікам Беларускага рэлігійна-культурнага цэнтра ў Паўночным Лондане, часткай якога стаў інтэрнат Св. Кірылы для беларускіх хлапцоў, а таксама Беларуская бібліятэка і музей імя Ф. Скарыны.

Біскуп Часлаў Сіповіч памёр проста на святкаванні дзесяцігоддзя адкрыцця ініцыяванай ім жа Бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане. Яму нечакана стала дрэнна ў часе імпрэзы і ён страціў прытомнасць. Біскупа адвезлі ў шпіталь, але не выратавалі. Свята працягваць было складана.

Выдатную працу, прысвечаную гэтай асобе выдаў а. Аляксандр Надсан. Гл. тут: http://kamunikat.org/usie_knihi.html?pubid=10179


А. Часлаў Сіповіч у Бібліятэцы.
Collapse )