October 6th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 6 кастрычніка. Васіль Мельяновіч

ВАСІЛЬ (Вацлаў) МЕЛЬЯНОВІЧ (28.08.1934, в. Азярніца Лунінецкага пав. Палескага ваяв. (сёння Лунінецкі р-н Брэсцкай вобл.) — 06.10.2004, Кліўленд), грамадскі дзеяч. Ад 1944 г. — у Нямеччыне, працаваў на фабрыцы. Пасля Другой сусветнай вайны быў у лагерах ДП. Вучыўся ў беларускіх гімназіях у Віндышбергердорфе й Розэнгайме. Брал удзел у беларускім скаўтынгу. Ад 1950 г. жыў у ЗША. У 1954 г. уступіў у амерыканскае войска. Звольніўшыся з войска ў сакавіку 1956 г. паступіў ва ўніверсітэт. У 1963 г. атрымаў дыплом інжынера ў Ньюёрскім гарадскім каледже. У 1961—1963 гг. быў старшынём Ньюёрскага аддзелу ЗБМА, уваходзіў у рэдкалегію “Bіuletenіu ZBMA” (1958), пазней — сябра рэдкалегіі часопіса “Беларуская моладзь”. У 1963 г. пераехаў у штат Мэрыленд, працаваў у найбуйнейшай амеріканскай кампаніі ў галіне сувязі AT&T. Атрымаўшы ступень магістра універсітэту Джорджа Вашынґтона (г. Вашынґтон) у менэджмэнце, пачаў выкладаць у Кейтансвільскім коледжы (Мэрыленд). Заступнік стар-шыні Агульнаамерыканскай асацыяцыі этнічных групаў (1970-я), ачольваў Асацыяцыю ўсходнееўрапейскіх даследванняў у штаце Мэрыленд, быў старшынем Беларускай рэспубліканскай секцыі ў штаце Мэрыленд (ад 1973) і Федэрацыі Беларускіх рэспубліканскіх клубаў (ад 1982). У 1984 г. на Канфэрэнцыі рэспубліканскіх этнічных групаў быў абраны ў органы Федэрацыі этнічных рэспубліканскіх групаў Амерыкі. Сустракаўся з прэзыдэнтамі Рональдам Рэйганам, Джорджам Бушам-старэйшым. Сябра Рады дырэктараў беларускага адпачынковага цэнтру “Белэр-Менск”. Працаваў беларускамоўным гідам на амерыканскіх выставах у Мінску (1989) і Брэсце (1991). Першы з беларусаў ЗША атрымаў дыпламатычны пашпарт. У часе прэзідэнцкай кампаніі 1988 г. быў нацыянальным старшынём акцыі “Беларусы за Буша”. У 1998 г. пераехаў у Кліўленд і далучыўся да жыцця мясцовай беларускай грамады. Аўтар шэрагу артыкулаў на прафесійныя і грамадскія тэмы ў амерыканскіх выданнях.


Васіль Мельяновіч

Беларускі значак часоў прэзідэнцкай кампаніі Р. Рэйгана 1984 г.