October 7th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 7 кастрычніка. Юры Попка, Віктар Чабатарэвіч

ЮРЫ ПОПКА (псеўданімы Жывіца, Жубровіч і інш., 07.10.1912, хут. Высокі Груд Пружанскага пав. — 29.04.1990), літаратар, выдавец, грамадскі дзеяч. Пачаў друкавацца ў 1938 г. на старонках заходнебеларускіх перыёдыкаў. У 1942 г. пасля паездкі ў Беласток і знаёмства з Х. Ільяшэвічам стаў пісаць для “Новай дарогі”. У 1943 г. стварыў і ўзначаліў у Пружанах аддзел Беларускага аб’яднання, займаўся арганізацыяй беларускіх школ. Ад 1944 г. — на эміграцыі. У Нямеччыне захварэў і да 1950 г. лекаваўся ў розных шпіталях і санаторыях. Пазней пасяліўся ў Лаймене. Выдаваў шэраг беларускіх перыёдыкаў: “Беларуская праўда” (1965—1988), “Бюлетэнь Беларускай цэнтральнай рады — Жыве Беларусь!” (1976—1986), “Весткі інстытута беларусаведы” (1986—1993). Быў кіраўніком палітычна-прапагандысцкага аддзела Галоўнага штабу Беларускага вызвольнага фронту. Стварыў беларускі музей. Аўтар кніг: “Сын” (1950), “Праз слёзы” (1951), “Песня салаўя” (1955, 1963), “Аднагалоссе” (1961), “Кошык” (1961), “Расказы” (вып. 1—3, 1961), “У санаторнай белі” (1961), “Журавель” (1962), “Па чужых кутках” (1962), “Сын” (1962), “Свеціць у тумане” (вып. 1—3, 1962), “Умелы падыход” (1962), “З вінтоўкай у руках” (1963), “Пушча шуміць” (1963), “Новая хата” (1964), “Носьбіт ідэі” (1964).

Юры Попка паставіў у горадзе помнік беларускім змагарам 1939-1945 гг., а таксама пакінуў у спадчыну беларусам тры кватэры, беларускі музей у Лаймене ды свае архівы. Умовай перадачы спадчыны дзеяча беларусам з'яўляецца што беларуская дзяржава павінна быць самастойная і незалежная ад палітыкі вялікіх краін. Пакуль жа распараджальнікам спадчыны выступае муніцыпалітэт Лаймену.

Цікавы артыкул пра Попку, з дня нараджэння якога сёння споўнілася 100 гадоў, быў тут: http://nn.by/index.php?c=ar&i=10221


Юры Попка. 1950 г.

Юры Попка. 1964 г.

ВІКТАР ЧАБАТАРЭВІЧ (1907, Новы Свержань Менскага пав. (сёння Стаўпецкі р-н Мінскай вобл.) — 07.10.1963, Нью-Ёрк, ЗША), грамадскі і вайсковы дзеяч, настаўнік. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, школу падхарунжых. Настаўнічаў на Віленшчыне, у заходняй Польшчы. У 1939—1941 гг. працаваў настаўнікам у Стоўпцах. У 1941—1942 гг. працаваў у Галоўным школьным інспектараце, сакратаром Цэнтралі БНС. У сакавіку 1944 г. узначаліў афіцэрскія курсы БКА, затым — Афіцэрскую школу БКА. Ад лета 1944 г — на эміграцыі. Спачатку ў Нямеччыне. У 1948 г. выехаў у ЗША. Жыў у Нью-Ёрку. Падтрымліваў прыхільнікаў Беларускай цэнтральнай рады, уваходзіў у склад Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі (быў яго віцэ-старшынём). Быў карэктарам газеты “Беларуская трыбуна”.

Ліставанне Віктара Чабатарэвіча з Кастусём Акулам з ягонымі ўспамінамі пра вайну змешчаныя ў кнізе Лявона Юрэвіча "Шматгалосы эпісталярыум".

Віктар Чабатарэвіч