October 12th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 12 кастрычніка. Аляксандр Раманоўскі

АЛЯКСАНДАР РАМАНОЎСКІ (9.03.1915—12.10.1955), мастак. Нарадзіўся ў Віцебску ў сям’і працоўных. Скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум, працаваў настаўнікам малюнку, мастаком-дэкаратарам тэатру. У 1940 г. — мабілізаваны ў армію й накіраваны на фінскі фронт. У 1941 г. трапіў у нямецкі палон. Па Другой Сусьветнай вайне працягнуў мастацкую дзейнасьць у Нямеччыне, адкуль у 1949 г. выехаў на эміграцыю ў Аўстралію. У грамадзкім жыцьці беларускай грамады Сыднэю пасьля расколу пачатку 50-х гадоў актыўнага ўдзелу ня браў, спасылаючыся на нежаданьне станавіцца на адзін з бакоў канфлікту. Але працягваў актыўную творчую працу, значная частка якой была прасякнутая тэматыкай падсавецкай Беларусі. Ягоныя карыкатуры-скэтчы друкаваліся на бачынах газэты “Бацькаўшчына”, часопісу “Конадні”, некаторых расейскіх пэрыёдыкаў. У 1955 г. у Сыднэі выйшаў асобны сшытак з 14 скэтчаў “За зялезнай заслонай”. Неаднаразовы удзельнік разнастайных мастацкіх выставах. Апошняя зь іх, што аб’яднала творы 30 найвыдатнейшых аўстралійскіх мастакоў, адбылася ў Сыднэі ў верасьні 1955 г., за два месяцы да трагічнай сьмерці мастака.

Аляксандар Раманоўскі быў забіты каханкаю ў Сыднэі.


А. Раманоўскі. Аўтапартрэт

Скэтч А. Раманоўскага
звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 12 кастрычніка, Яўхім Кіпель

ЯЎХІМ КІПЕЛЬ (12.10.1898, в. Байлюкі Бабруйскага пав. (сёння Глускі р-н Магілёўскай вобл.) — 27.07.1969, Нью-Джэрсі, ЗША), грамадскі дзеяч, бацька В. Кіпеля. Паручнік царскай арміі, ваяваў на Румынскім і Паўднёвым франтах. У 1918—1921 гг. — у Чырвонай Арміі. Ад 1921 г. жыў у Мінску, быў сябрам Тэрміналагічнай камісіі Наркамата асветы, працаваў у Інстытуце беларускай культуры. Арыштаваны ў 1930 г. па справе Саюза вызвалення Беларусі і высланы на пяць гадоў у Вяцкую вобласць, у 1935 г. арыштаваны паўторна і высланы на Далёкі Ўсход. У 1942 г. вярнуўся ў Мінск, працаваў у Галоўным школьным інспектараце, рэдакцыі газеты “Голас вёскі”, займаўся падрыхтоўкай падручнікаў. Старшыня Другога Усебеларускага кангрэсу. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі, спачатку ў Нямеччыне, потым у ЗША. Браў удзел у грамадска-палітычным руху, уваходзіў у кіраўніцтва БЦР, рэдагаваў газету “Беларускае слова”, быў сябрам БККА. Стварыў Асацыяцыю былых палітвязняў савецкіх лагераў. Ад 1949 г. жыў у ЗША.

Аўтар цікавых успамінаў, якія можна знайсці тут: http://kamunikat.org/usie_knihi.html?pubid=3582