October 16th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 16 кастрычніка. Палікарп Манькоў

ПАЛІКАРП МАНЬКОЎ (19.02.1910, Рэчыца — 16.10.1999), грамадскі дзеяч. Меў вышэйшую адукацыю, настаўнічаў, у 1930-х гг. быў рэпрэсаваны, па вызваленні не меў права жыць у Беларусі. Пасяліўся на Смаленшчыне. У 1941 г. служыў у Чырвонай Арміі, трапіў у палон. Па вызваленні з нямецкага палону служыў перакладчыкам у Слонімскім акруговым камісарыяце. У чэрвені 1943 г. скончыў курс кіраўнікоў Саюза беларускай моладзі, прызначаны акруговым кіраўніком СБМ у Слуцку. Быў адным з арганізатараў і выдаўцоў “Газэты Случчыны”, адзін з укладальнікаў зборніка “Песняры Случчыны” (які перавыдаў у 1985 г. у Саўт-Рыверы). З лета 1944 г. на эміграцыі. Быў кіраўніком групы юнакоў у Дэсаў. Па вайне выкладаў у Беларускай гімназіі ў Міхельсдорфе. З 1954 г. рэдактар газеты “Беларускае слова”, адзін з укладальнікаў кнігі “Другі Усебеларускі Кангрэс” (Мюнхен, 1954). У 1957 г. пераехаў у ЗША. Працаваў ва універсітэта Блумінгтана (Індыяна), у структурах ААН у Нью-Ёрку.