October 17th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 17 кастрычніка. Радаслаў Астроўскі

РАДАСЛАЎ АСТРОЎСКІ (06.11.1887, хут. Заполле Слуцкага пав. (сёння Слуцкі р-н Мінскай вобл.) — 17.10.1976, Бентан-Харбар, Мічыган, ЗША), палітык, грамадскі дзеяч, педагог, публіцыст, прэзідэнт БЦР (1943—1976). У нацыянальным руху ад рэвалюцыі 1905—1907 гг. У 1917 г. стварыў у Слуцку першую беларускую гімназію. У 1924—1936 гг. — дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, адначасова ў 1930—1932 гг. — Беларускай праваслаўнай духоўнай семінарыі імя Францішка Багушэвіча. У другой палове 1920-х гг. выконваў абавязкі старшыні Таварыства беларускай школы, быў віцэ-старшынём Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Пасля разгрому БСРГ — прыхільнік “паланафільскага кірунку” — супрацоўніцтва з польскімі ўладамі дзеля папулярызацыі беларускай культуры і школьніцтва. У 1936 г. быў высланы ў Лодзь (Польшча) настаўнікам матэматыкі і фізікі. У 1939—1941 гг. — старшыня Беларускага камітэта самапомачы у Лодзі. У ліпені — верасні 1941 г. быў старшынём Мінскага намесніцтва, якое аб’ядноўвала 21 раён Беларусі, потым арганізоўваў беларускую адміністрацыю ў Бранскай, Смаленскай, Магілёўскай акругах. Ад 21 снежня 1943 г. — прэзідэнт БЦР. Ад ліпеня 1944 г. — на эміграцыі. У верасні 1945 г. з прычыны неспрыяльных палітычных абставін прыпыніў дзейнасць БЦР. 30 снежня 1947 г. заснаваў Беларускае цэнтральнае прадстаўніцтва сусветнай эміграцыі, а пасля аднаўленьня Рады БНР аднавіў дзейнасць БЦР (25 сакавіка 1948 г.). Жыў у Нямеччыне, Швейцарыі (1944–1948, 1950–1954), Аргентыне (1948–1950, 1954). У 1954 г. прыехаў у Вялікабрытанію да сына Віктара, пасяліўся ў доме, набытым для арганізацыі ХАБР. Заснаваў Беларускі вызвольны фронт. У 1962 г. з прычыны хваробы пераехаў у ЗША да дачкі і зяця Галіны і Мікалая Мінкевічаў. Прыпыніў дзейнасць БЦР у 1962 г., аднавіўшы яе ў 1974 г.


Радаслаў Астроўскі

Надпіс на магіле Радаслава Астроўскага на могілках Св. Ефрасінні ў Саўт-Рыверы