October 19th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 19 кастрычніка. Вольга Бурнос

ВОЛЬГА БУРНОС (дзяв. Пашкевіч; 19.10.1933 — 8.11.2003), грамадзская дзяячка. Нарадзілася ў в. Вядо (?) (Івацэвіцкі раён Берасьцейскай вобласьці) у сялянскай сям’і. Падчас Другой Сусьветнай вайны апынулася разам зь сям’ёй у Нямеччыне, адкуль у 1950 г. выехалі ў Аўстралію. У Мэльбурне працавала па кантракце ў шпіталі, потым перабралася да бацькі ў Ваяллу (Паўднёвая Аўстралія). Тут ў 1952 г. пазнаёмілася зь Міхасём Бурносам, зь якім і пабралася шлюбам. Нарадзіла двух дачок. У 1955 г. сям’я перабралася ў Адэляйду, дзе адразу ўключылася ў жыцьцё беларускай грамады. Удзельнічала ў зьбіраньні грошай на пабудову беларускай царквы. Сьпявала ў царкоўным хоры. Была надзвычай актыўнай у беларускім жыцьці Адэляйды. Шмат займалася вышываньнем нацыянальнага адзеньня, ручнікоў і г.д. Пісала музыку для беларускіх песень мясцовага хору, якая была высока ацэнена спэцыялістамі. Была актыўнай удзельніцай і мерапрыемстваў беларускай парафіі, і Беларускага Аб’еднаньня ў Паўднёвай Аўстраліі. Пахаваная на праваслаўнай частцы могілак Centennial Park у Адэляйдзе.

Пазнаёмілася з гэтай жанчынай за паўгады да яе смерці, калі яна ўжо ляжала ў шпіталі. Але яна не адмовілася даць інтэрв'ю, якое можна знайсці тут: http://zbsb.org/lib/index.php?option=com_alblib&view=article&id=133

звычайная

Студэнты ў архіве

Вадзіла сёння сваіх студэнтаў-палітолагаў на экскурсію ў БДАМЛіМ. Сама б, напэўна, наўрадці ім прапанавала схадзіць у архіў, бо далёкія яны ад таго, што з архівамі звязана. Але адзін хлопчык-другакурснік неяк мяне стаў пытаць, як трапіць у архіў, то разгаварыўшыся - я прапанавала арганізаваць такую экскурсію... Была, праўда, небяспека, што зацікавіць гэта толькі аднаго таго хлопчыка, але назбіралася ажно 16 чалавек з другога і чацьвертага курсаў.

У выніку сёння яны гадзіну слухалі аповед Ганны Вячаславаўны пра тое, якія ў Беларусі ёсць архівы, што і як дзе захоўваецца, што ўяўляе з сябе менавіта БДАМЛіМ і г.д. Асабліва зацікавіў аповед пра лёс архіву Грыгаровіча... Студэнты таксама пабачылі як захоўваюцца дакументы і падзівіліся на будынак, не асабліва прыстасаваны для архіўных патрэбаў... Карацей, уражанняў было шмат, асабліва ў чацьверакурснікаў, сярод якіх ёсць нават калекцыянеры, што ацанілі ўбачаныя рукапісы больш як стогадовай даўніны. А мне было проста цікава назіраць, як студэнты рэагуюць на нешта новае, раней для іх невядомае.

Усё ж добрыя ў мяне студэнты, хоць часта лайдакі і нейкіх элементарных рэчаў не ведаюць ды на занятках не любяць напружвацца, але цікавыя як людзі і, як не дзіва, з імі ёсць пра што паразмаўляць часам.