October 22nd, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 22 кастрычніка. Міхась Раецкі, Янка Міхалюк

МІХАСЬ РАЕЦКІ (02.11.1927, Менск — 22.10.2003, Пэрт), грамадзкі дзеяч. Зь лета 1944 г. на эміграцыі. У другой палове 1940-х жыў у Вялікабрытаніі, браў удзел у Згуртаваньні беларусаў Вялікабрытаніі. У Аўстраліі з 1950 г. Першы старшыня аддзелу Задзіночаньня Беларускіх Вэтэранаў у Кэльмскот (Пэрт), старшыня і сакратар Беларускага Аб’еднаньня ў Заходняй Аўстраліі. Ініцыятар і доўгачасовы кіраўнік Беларускага Радыёвага Камітэту ў Пэрце (1984—2003), стваральнік і вядучы беларускіх радыёпраграмаў. Аўтар зацемак пра жыцьцё беларускай грамады ў Заходняй Аўстраліі ў газэце “Беларус”.

Ён вельмі акуратна і інтэлігентна адказваў на мае лісты, равказваў пра сваю памерлую жонку. Не змагла з ім спаткацца, бо занадта ж далёка Пёрт ад іншых беларускіх асяродкаў у Аўстраліі. Калі ён памёр, абарвалася тая адзіная сувязь, што я мела з гэтым асяродкам. Нават не ведаю дасюль, ці працягвае там працаваць тое беларускае радыё, якім Міхась Раецкі столькі гадоў займаўся.

Міхась Раецкі

ЯНКА МІХАЛЮК (22.10.1922 в. Пузічы Лунінецкага пав. Палескага ваяв. (сёньня Салігорскі р-н Менскай вобл.) – 31.03.1995, Лёндан), грамадзкі дзеяч. Вучыўся ў польскай школе. У часе Другой сусьветнай вайны ўступіў у шэрагі СБМ, быў кіраўніком гэтай арганізацыі на Лунінецкую акругу. Улетку 1944 г. у часе бамбардаваньня быў паранены і вывезены ў шпіталь у Варшаву, а потым у Нямеччыну. Потым трапіў у Італію, дзе ўступіў у шэрагі 2-га Польскага корпусу. Ад 27.12.1947 быў сябрам ЗБВБ, адзін з заснавальнікаў беларускага жыцьця ў Брадфардзе. Пазьней уваходзіў у кіраўніцтва Беларускага камітэту сяброўства і рэдкалегію часопіса “Патрыёт”, сябра ХАБР. Выйшаў з ХАБР і вярнуўся ў ЗБВБ у 1951 г. З таго часу быў пастаянным сябрам управы Акруговага аддзелу ЗБВБ у Брадфардзе, у 1955 г. яго старшыня. Сябра ЗБК ад 1949 г. Актывіст БАПЦ у Брэдфардзе, адзін са стваральнікаў мясцовай парафіі Сьв. Спаса, уваходзіў у Вікарыяльную ўправу БАПЦ у Вялікабрытаніі. Ад 1957 г. радны БНР. У 1965 г. разам зь сям’ёй пераехаў у Лёндан. Быў пастаянным сябрам Галоўнай управы ЗБВБ, і ў 1970–1995 гг. – нязьменны старшыня ЗБВБ. Належыў да кіраўніцтва Англа-беларускага таварыства, займаўся распаўсюдам часопіса The Journal of Byelorussian Studies. Уваходзіў у Раду апекуноў Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны.

Не ведала яго асабіста, але ведала паводле аповедаў ягонай жонкі. Дзейны быў чалавек і доўга кіраваў галоўнай беларускай арганізацыяй беларусаў у Вялікабрытаніі, нягледзячы на хваробу.


Янка Міхалюк

Магіла Янкі Міхалюка ў Лондане на St. Pancras cemetery
звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 22 кастрычніка. Аўгенія Юрша

АЎГЕНІЯ ЮРША (дзяв. Князюк, у першым шлюбе Дуданец; нар. 22.10.1926). Нарадзілася ў в. Трыбушкі Слонімскага раёну (цяпер в. Мірная) у сялянскай сям’і. У 1942 г. пасьля расстрэлу немцамі бацькоў была вывезена на працы ў Нямеччыну. Працавала ў Люфтганза, а па сканчэньні вайны вучылася на курсах медсёстраў. У дэпартацыйным лягеры пазнаёмілася й пабралася першым шлюбам з Станіславам Дуданцом. Нарадзіла сына і разам зь сям’ёй у 1950 г прыехала ў Аўстралію, дзе нарадзіла яшчэ двух сыноў. Пасьля некалькіх пераездаў у 1954 г. пасялілася ў Адэляйдзе. У 1964 г. страціла мужа, а на пачатку 1970-х гадоў выйшла за Паўла Юршу. Ад 1967—1968 гг. наладзіла стасункі зь беларускай грамадою Адэляйды. Стала браць ўдзел у нацыянальных мерапрыемствах. Сяброўка Беларускага Аб’еднаньня ў Паўднёвай Аўстраліі, у якім у 1987—1988 гг. працавала на пасадзе сакратара.

Сустракалася з гэтай жанчынай і запісвала яе ўспаміны. Успаміны можна пабачыць тут: http://zbsb.org/lib/index.php?option=com_alblib&view=article&id=139 Цікавая, моцная жанчына.