October 23rd, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 23 кастрычніка. Міхась Зуй, Мікола Скабей

МІХАСЬ ЗУЙ (23.10.1909, в. Вялікае Сяло, сёньня Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл. — 24.04.1995), грамадзкі дзеяч. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у структурах БНС, начальнікам Шаркаўшчынскага павету. У 1949 г. выехаў у Аўстралію. Браў удзел у першым сходзе сяброў Беларускага Аб’еднаньня ў Новай Паўднёвай Валіі (Новы Паўднёвы Уэльс) у сакавіку 1950 г., пазьней — стваральнік і нязьменны старшыня Беларускага Аб’еднаньня ў Аўстраліі (БЦРаўскага кірунку). Кіраваў дэлегатурай БЦР у Аўстраліі, у 1977—1978 гг. — старшыня выканаўчага камітэту Фэдэральнай Рады Беларускіх Арганізацый у Аўстраліі. У 1987 г. на XIX пленуме БЦР абраны прэзыдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады.

Багатае ліставанне Міхася Зуя захоўваецца ў архіве Дзмітрыя Касмовіча.


Алесь Алехнік доўгі час выконваў сакратарскія функцыі пры Міхасю Зую, праўда, у адзін момант запатрабаваў аплаціць яму ўсе гады працы. На тым і развіталіся і Алехнік зусім ад беларускай грамадскай працы адышоў. На здымку Міхась Зуй і Алесь Алехнік недзе ў пачатку 1980-х.
Collapse )

Магіля Міхася Зуя на беларуская-ўкраінскай частцы могілак у Сіднэі.

МІКОЛА СКАБЕЙ (23.10.1905—7.12.1992), грамадзкі дзеяч. Месца нараджэньня невядомае. У 1944 г. быў дэлегатам на Другім Ўсебеларускім Кангрэсе, адразу пасьля якога выехаў зь Беларусі. Пасьля некалькіх гадоў у Нямеччыне, у 1948 г. прыехаў у Аўстралію. Некаторы час быў на чале сэктару Рады БНР у Вікторыі. У 50-х гадах стаўя на чале Згутраваньня беларусаў у Вікторыі, а пасьля стварэньня агульнага Беларускага Цэнтральнага Камітэту стаў першым яго кіраўніком, і далей рэгулярна выбіраўся на гэтую пасаду на працягу 60—80-х гадоў. Пры ягоным кіраўніцтве была наладжаная пры падтрымцы БЦК праца чарговай беларускай школы. Адзін з ініцыятараў набыцьця Беларускага Дому і ўдзельнік Управы Каапэратыву Беларускага Дому. Актыўна падтрымаў ідэю арганізацыі Сустрэчаў Беларусаў Аўстраліі. Падтрымліваў цесныя сувязі зь беларускімі эмігрантамі ў іншых краінах сьвету, і ў прыватнасьці зь Міколам Абрамчыкам. Пахаваны на беларускай дзялянцы могільніку Фолкнэр ў Мэльбурне.

Калі не памыляюся, Скабей ліставаўся з Янкам Філістовічам. Гэтае ліставанне ёсць у архіве Скарынаўкі.


Мікола Скабей сябраваў з сям'ёй Алеся Салаўя. На гэтым здымку ён з Зінай Кадняк і Алесем Салаўём пасля паходу ў грыбы недзе каля Мельбурну.

Collapse )

Магіла Міколы Скабея на беларускім могільніку ў Мельбурне