October 26th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 26 кастрычніка. Хведар Высоцкі, Даніла Клінцэвіч

ХВЕДАР ВЫСОЦКІ (часам Тодар, 26.10.1887, Новы Сьвержань (сёньня Стаўпецкі р-н Менскай вобл.) — 17.09.1976, Саўт-Рывэр), грамадзкі дзеяч. Нарадзіўся ў сялянскай незаможнай сям’і. Скончыў царкоўна-прыходзкую школу, вывучыўся на бухгальтара й рахункавода. Працаваў чыноўнікам на чыгунцы. Перад Першай сусьветнай вайной узяў шлюб з Кацярынай Падбелай. З 1944 г. — на эміграцыі. Зь верасьня 1949 г. — у ЗША, пасяліўся ў Саўт-Рывэры. Браў актыўны ўдзел у беларускім грамадзкім жыцьці: ЗБАДК і БККА. Стараста (1950—1971, зь невялікімі перапынкамі) парафіі сьв. Эўфрасіньні Полацкай. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рывэры.


Магіла Хведара Высоцкага на беларускім могільніку ў Саўт-Рыверы.

ДАНІЛА КЛІНЦЭВІЧ (22.12.1905, в. Макуці Ашмянскага пав. Віленскай губ. (сёньня Івейскі р-н Гарадзенскае вобл.) — 26.10.1967 Нью-Ёрк), грамадзкі дзеяч. Далучыўся да беларускага руху ў міжваенны час. У часе нямецка-савецкай вайны быў капітанам 13га Беларускага батальёну. Пасьля Другой сусьветнай вайны — на эміграцыі ў ЗША. Сябра БАЗА, у 1959—1960, 1961—1964 гг. быў старшынём Управы Нью-Ёрскага аддзелу. Актывіст ЗБАВ; ініцыятар выданьня (разам з Г. Паланевічам) газэты “Беларус”.

Магіла Данілы Клінцэвіча на могілках у Іст-Брансвіку.