October 27th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 27 кастрычніка. Панцеляймон (Ражноўскі)

ПАНЦЕЛЯЙМОН (Павел Ражноўскі, 27.10.1867, Кастрама, Расія — 30.12.1950, Нямеччына), рэлігійны дзеяч, япіскап Рускай праваслаўнай царквы. Скончыў Ваенна-інжынернае вучылішча, курсы пры Казанскай духоўнай акадэміі. У 1897 г. прыняў манаства. Ад 1905 г. быў настаяцелем Віцебскага Маркава Свята-Траецкага манастыра. У 1913 г. хіратанісаны ў сан япіскапа Дзвінскага. У 1918 г. прызначаны ў Пінск з тытулам япіскапа Пінскага і Наваградскага для кіравання цэрквамі Мінскай япархіі на тэрыторыі Польшчы. У 1922 г. на Польскім Саборы ў Варшаве выступіў супраць аўтакефаліі польскай царквы, за што быў рэпрэсаваны польскімі ўладамі, пазбаўлены кафедры і сасланы ў Мялецкі, а затым у Жыровіцкі манастыр. У 1939 г. прызначаны архіяпіскапам Гродзенскім і Вялейскім. У гады нямецкай акупацыі ўзначаліў Праваслаўную царкву ў Беларусі. Ад сакавіка 1942 г. — мітрапаліт Мінскі і Беларускі. Быў сасланы ў Жыровіцкі манастыр. У 1944 г. выехаў у Нямеччыну. У 1946 г. разам з іншымі ярархамі далучыўся да Рускай праваслаўнай царквы за мяжой.