November 2nd, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 1 лістапада. Іван Касяк

ІВАН КАСЯК (01.11.1909, в. Гіры (сёння Вялейскі р-н Мінскай вобл.) — 13.03.1989, Рывер-Форэст, ЗША), грамадскі дзеяч. У 1941 г. скончыў політэхнічны факультэт Львоўскага ўніверсітэта са спецыяльнасцю інжынера. Падчас нямецкай акупацыі ўваходзіў у склад Цэнтралі БНС, актыўны прыхільнік абвяшчэньня аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы, адзін з арганізатараў Царкоўнага сабору БПЦ у 1942 г. У 1944 г. намеснік прэзідэнта БЦР на Глыбоцкую акругу. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі. У Нямеччыне адзін з кіраўнікоў Беларускага праваслаўнага аб’яднання. Не прызнаў аднаўленьня БАПЦ пад кіраўніцтвам Сергія (Ахатэнкі) і аднаўленьня Рады БНР пад кіраўніцтвам М. Абрамчыка. У траўні 1948 г. узяў удзел у аднаўленчым Пленуме БЦР, у 1948—1951 гг. узначальваў Сакратарыят БЦР. У 1949 г. выехаў у ЗША. Спачатку жыў у Нью-Ёрку, затым ад 1978 г. — у Рывер-Форэсце (Ілінойс). У 1957—1989 гг. — старшыня БККА. Быў сябрам Беларускага вызвольнага фронту, браў удзел у антыкамуністычных канферэнцыях у розных краінах свету, куды ездзіў за свой кошт. Аўтар кніг “З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу” (1956), “Byelorussia: historical outline…” (1989), “Другая сусветная вайна на Беларусі і паваенны час” (выдрукавана ў кнізе “Беларусь учора і сяньня”, Менск, 1993).


Іван Касяк. 1985 г.
звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 2 лістапада. Аляксандр Орса

АЛЯКСАНДР ОРСА (24.07.1896, Нягневічы (сёння Наваградскі р-н Гарадзенскай вобл.) — 02.11.1959, Нью-Ёрк, ЗША), грамадскі дзеяч, педагог, муж Н. Орсы. У 1913 г. скончыў наваградскае гарадское вучылішча, потым — двухгадовыя настаўніцкія курсы. Мабілізаваны ў царскае войска, скончыў школу прапаршчыкаў і быў накіраваны на фронт. У 1918 г. вярнуўся на радзіму, настаўнічаў. У 1923—1929 гг. вучыўся ў Празе ва Украінскім педагагічным інстытуце, потым у Карлавым універсітэце. Доктар прыродазнаўчых навук. У 1929—1934 гг. выкладаў прыродазнаўства ў наваградскай беларускай гімназіі. У 1938 г. разам з сям’ёю прымусова выселены ў этнічную Польшчу, аднак з пачаткам Другой сусветнай вайны вярнуўся ў Беларусь, настаўнічаў, працаваў школьным інспектарам у Наваградскай акрузе. Ад 1944 г. — на эміграцыі. У Нямеччыне быў дырэктарам Беларускай гімназіі імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу, Міхельсдорфе. У 1949 г. выехаў у ЗША. Жыў у Нью-Ёрку. Працаваў лабарантам у шпіталі. Арганізоўваў першыя беларускія школкі ў ЗША. Адзін з заснавальнікаў БАЗА і БІНІМа. Старшыня Нью-ёркскага сектара Рады БНР.