November 7th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 6 лістапада. Станіслаў Станкевіч

СТАНІСЛАЎ СТАНКЕВІЧ (23.02.1907, в. Арляняты, Ашмянскі пав. Віленскай губ. (сёння Смаргонскі р-н Гарадзенскай вобл.) — 06.11.1980, Нью-Ёрк, ЗША), грамадска-культурны дзеяч, літаратуразнаўца, публіцыст, крытык, выдавец. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1933 г. скончыў гуманістычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. У 1936 г. абараніў доктарскую дысертацыю “Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі”. Браў актыўны ўдзел у працы Беларускага студэнцкага саюза, рэдагаваў часопіс “Студэнцкая думка”. У 1937—1938 гг. стажыраваўся ў навучальных установах Югаславіі і Балгарыі. У 1939—1941 гг. выкладчык у Наваградскай педагагічнай вучэльні. Падчас нямецкай акупацыі — бурмістр Барысава (1941—1943), намеснік прэзідэнта БЦР на Баранавіцкую акругу (1944). Дэлегат Другога Усебеларускага кангрэсу. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі. У 1944 — пачатку 1945 гг. у Нямеччыне рэдагаваў берлінскую газету “Раніца”. Быў актыўным прыхільнікам аднаўлення Рады БНР. Ад 1947 г. — радны БНР. Быў першым старшынём Антыбальшавіцкага блоку народаў (1946). У 1948—1962 гг. — рэдактар газеты “Бацькаўшчына” (Мюнхен). Заснавальнік філіі БІНІМа ў Заходняй Нямеччыне. Быў навуковым сакратаром Інстытута вывучэння СССР у Мюнхене. У 1963 г. выехаў у ЗША. Сябра БАЗА, у тым ліку старшыня арганізацыі ў 1963—1965 гг. Супрацоўнік радыё “Свабода”. У 1963—1980 гг. рэдактар газеты “Беларус” (Нью-Ёрк). Аўтар шэрагу навуковых літаратуразнаўчых прац, сотняў публікацый.