November 15th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 15 лістапада. Аляксандр Калодка

АЛЯКСАНДР КАЛОДКА (14.12.1911, в. Церабостынь Стаўпецкага пав. (цяпер Карэліцкі р-н Гарадзенскай вобл.) — 15.11.1985, Мельбурн, Аўстралія), грамадскі дзеяч. Скончыў гарадское вучылішча ў Ярэмічах (Карэліцкі раён) і ў 1926 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію. У 1928—1932 гг. вучыўся ў польскай гімназіі імя Адама Міцкевіча ў Вільні. Супрацоўнічаў з газетамі “Беларускі дзень” і “Сялянская ніва”. У 1938 г. скончыў юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, атрымаўшы ступень магістра права. Працаваў у юрыдычным аддзеле грамадскага забеспячэння. У 1940 — 1941 гг. настаўнічаў у Вільні. Ад верасня 1941 г. працаваў надзвычайным ўпаўнаважаным гэбітскамісара ў Вялейцы, дзе займаўся беларусізацыяй адміністрацыі. У 1943 г. арыштаваны вялейскім гестапа. Быў вязнем канцэнтрацыйных лагераў у Асвенціме, Біркенаў, Бухенвальдзе і інш. Па сканчэнні вайны працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце, супрацоўнічаў з беларускай прэсай, арганізацыяй былых вязняў нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў. Сябра Рады БНР ад яе аднаўлення ў 1947 г. У траўні 1948 г. прыехаў у Аўстралію, працаваў на цукровых плантацыях у Квінслэндзе, а пазней — рабочым ў Мельбурнскім порце. Арганізатар беларускага Сектара Рады БНР у Аўстраліі, першага Беларускага клуба ў Мельбурне. У 1950 г. стаў адным з заснавальнікаў Беларускага аб’яднання ў Аўстраліі, якое, аднак, праз год пакінуў. Сябра Згуртавання беларусаў у Вікторыі, Згуртавання беларускіх камбатантаў, Каардынацыйнага камітэта беларускіх арганізацый у Аўстраліі, Беларускага цэнтральнага камітэта ў Вікторыі. Сталы аўтар зацемак пра жыццё беларусаў Мельбурна ў газетах “Бацькаўшчына” і “Беларус”. Сябра БІНІМа.


Асабісты дакумент Аляксандра Калодкі. З архіву Скарынаўкі.

Магіла Калодкі на беларускім могільніку ў Мельбурне.