November 19th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 19 лістапада. Зыгмунт Сянкевіч

ЗЫГМУНТ СЯНКЕВІЧ (22.09.1925 – 19.11.1992), грамадзкі дзеяч. Паходзіў зь Ляхавічаў Баранавіцкага пав. (сёньня Ляхавіцкі р-н Берасьцейскай вобл.). Брат Генрыка Сянкевіча. Быў у СБМ. На сканчэньні Другой сусьветнай вайны апынуўся ў Арміі Андэрса, разам зь якой у 1946 г. прыбыў у Вялікабрытанію. Жыў у Ковэнтры. Ад 24.12.1946 быў сябрам ЗБВБ, а таксама сябрам ЗБК ад 1949 г. У 1955 г. выконваў абавязкі намесьніка старшыні БАКА “Рунь”.
Паводле ўспамінаў розных асобаў, ён быў вельмі інтэлігентны чалавек. Успамін Зыгмунта Сянкевіча пра ўдзел у СБМ быў апублікаваны ў кнізе Алеся Вініцкага. Таксама згадка і цытата з яго ёсць у кнізе Юрыя Туронка “Людзі СБМ”.
Калі была ў 2005 г. у Ковентры, бачыла ўнучку Сянкевіча, якая актыўна збірала матэрыялы з сямейнай гісторыі і паказвала нават напісаны тэкст школьнай (ці якой яшчэ) працы з гэтай нагоды. Аднак тэкст яна мне не дала, як не маю, на жаль, і ніводнага здымку Зыгмунта Сянкевіча. Пра што вельмі шкадую.