November 26th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 25 лістапада. Кастусь Мерляк

КАСТУСЬ МЕРЛЯК (25.12.1919, в. Дзетамля (сёння Наваградскі р-н Гарадзенскай вобл.) — 25.11.2006, Нью-Ёрк, ЗША), грамадскі дзеяч. Скончыў курсы крэдытных інспектараў Дзяржбанка СССР у Беластоку, працаваў бухгалтарам, старшым крэдытным інспектарам на Наваградчыне. Падчас нямецкай акупацыі — у беларускай адміністрацыі, Самапомачы. У 1944 г. быў інтэндантам у Наваградскім беларускім швадроне Б. Рагулі. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі. Знаходзіўся ў Італіі, дзе быў інтэрнаваны амерыканскімі войскамі. У 1947 г. выехаў у Аргенціну, дзе стварыў і ўзначаліў Згуртаванне беларусаў. У 1954 г. пераехаў у ЗША. Радны БНР. У 1959—1964 гг. быў старшынём Галоўнай управы БАЗА. У 1965 г. выйшаў з арганізацыі і заснаваў Беларуска-амерыканскае аб’яднанне ў Нью-Ёрку. У 1968 г. разам з аднадумцамі стварыў парафію Св. Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гіле. Ад 1969 г. браў удзел у дзейнасці БККА, уваходзіў у яго кіраўнічыя структуры, у 1970-х гг. некаторы час быў віцэ-прэзідэнтам БККА. У сярэдзіне 1990-х адышоў ад актыўнай грамадскай дзейнасці. У 1992 г. выдаў успаміны “Дзейнасць Кастуся Мерляка на эміграцыі”.

>
Сям'я Кастуся Мерляка
звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 26 лістапада. Яніна Каханоўская

ЯНІНА КАХАНОЎСКАЯ (дзяв. Шабуня, 26.11.1905, Мінск — 16.07.2005, Нью-Ёрк, ЗША), грамадская дзяячка, пляменніца Івана і Антона Луцкевічаў, першая жонка А. Калубовіча (Каханоўскага), маці Ю. Андрусішынай. Скончыла Мінскую польскую гімназію і агульнаадукацыйныя курсы, працавала медыцынскай лабаранткай. Ад 1944 г. — на эміграцыі, спачатку ў Нямеччыне, потым у ЗША. Пасялілася ў Нью-Ёрку. Брала ўдзел у дзейнасці БАЗА (сакратар Галоўнай управы), уваходзіла ў кіраўніцтва жаночых структураў арганізацыі, а таксама ва ўправы Нью-ёркскага і Манхэтанскага аддзелаў. Сябра рэдкалегіі газеты “Беларус” і БІНІМа.

Яна была сяброўкай Наталлі Арсенневай. Цікавае ліставанне апошняй з Каханоўскай апублікавана ў кнізе ЛЯвона Юрэвіча "Шматгалосы эпісталярыум".


Яніна Каханоўская